Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 69

Васіль Ткачоў

Разважлівы, удумлівы, нехапатлівы дзядзька Васіль. Ёсць у яго характары нейкая стрыманасць. I калі можна было б зрабіць такое па- раўнапне, то я параўнаў бы яго характар з маўклівасцю і ўдумлівасцю бору, з яго прыветнасцю, хараством.

— Хварэе лес,— заклапочана прамовіў ляснік, шлёгнуў спакваля лейцамі.— Уелася хвароба, спасу няма. Раяць бярозкі паміж соснаў ды ялін саджаць. А што дасць — накуль ранавата казаць. Пра грыб, што «каранёвай губкай» называецца, не чуў? То вось ён дрэвам жыцця не дае. У ёлак паражае цэнтральную частку, а ў соснаў — карані. Чытаў у газеце, быццам у Мінску вучоныя пачалі шукаць сродкі барацьбы з гэтай хваробай. Трэба, а як жа! Не задумваемся, якую шкоду прынясе той грыб. Стаіць лес, расце, і хто з людзей можа падумаць, што ён хварэе? Не чалавек жа. А хварэе. Жывое таму што. А колькі кветак карысных, лекавых можа прапасці. Толькі, калі праўду сказаць, хто іх збірае, тыя кветкі? Ціха ў лесе. Грыбнікі яшчэ ходзяць, стрэць можна.

Дзень стаяў цёплы, сонечны, быў канец бабінага лета, тонкія ніткі павуціння не плавалі ўжо ў густым паветры, а толькі дзе-нідзе бачыліся ўзорчатымі сетачкамі ў лясных закутках. Уехалі ва ўладанні дзядзькі Васіля мы з боку ракі Гутлянкі, за якой ужо пачынаецца Быхаўскі раён, пачынаецца суседняя з Гомельскай Магілёўская вобласць, і яна глядзела на нас густым маляўнічым лясным узгоркам.

— I там, у Плоскім, ціха,— паказаў ляснік вачамі за раку.— Ездзіў, цікавіўся надоечы. Грыбніка стрэў, з Іскані. Разгаварыліся. Знаёмы аказаўся чалавек: ён нашу, гутленскую, маладзіцу браў. Не, кажа, ціха, лекавых траў ніхто не збірае. Праўда, даплыла да вёскі чутка, бытта сушаніцу ў Быхаве прымаюць. То накінуліся людзі былі, ношкамі вазілі. Здаюць нарыхтоўчай канторы, а самі не вераць: хіба жа за такую траву шчэ вось і грошы плацяць? А плацяць, ды і някепска. Адна жанчына на пяцьсот рублёў здала. Пахвалілася яна землякам, хто-ніхто таксама пачаў збіраць. У жніўні сушаніца ёсць, няма чаго казаць. Аказалася, што яе на цукровых бураках — касу закладвай. Дык той-сёй не траву, а бурачкі калгасныя пад ніз уціскаць пачаў. А старшыыня там — жанчына строгая, прачула аб такіх зборшчыках, ды і вета наклала: каго ўбачу, бытта сказала, на цукровых бураках, то не менш як на пяцьдзесят рублёў аштрафую. I зразумець яе, Марыю Барысаўну, можна, бо калгаснага кіраўніка куды больш хвалююць буракі і жыта, чым лекавыя травы. Кожнаму — сваё.— Ляснік усміхнуўся, хітануў галавой.— А што з сябе тая сушаніца ўяўляе? Мала хто і ведае. Можа, яна кожнаму чалавеку штодня на вочы трапляе, а ён абмінае яе, топча? Ды так і ёсць. Ісканскі грыбнік і казаў жа: кінуліся людзі да Марусі, каб паказала ім, якая з сябе хоць тая трава, што за яе шчэ і грошы плацяць...