Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 66

Васіль Ткачоў

Планавалася так: у стары клуб перавесці школьны музей, тут жа арганізаваць музей і гісторыі калгаса. Калгас сёння мае другую назву. Вёска засталася. Чаму ж, можна і так назваць: музей гісторыі, баявой і працоўнай славы вёскі Іскань.

Пакуль і сама Галіна Сцяпанаўна на раздарожжы. Але лічыць, што не хто іншы, толькі яна павінна дарабіць пачатае мужам.

На дзвярах клуба, дарэчы, нехта напісаў крэйдай: «Будзе музей!»

I я веру: будзе. I трэба адвесці ў ім куточак, прысвечаны памяці настаўніка-следапыта і краязнаўцы, селькора Мікалая Кірылавіча Шульгі.

Памяць пра гэтага чалавека таксама павінна жыць.

У вёсцы сумна. Ціха па вечарах. Ні песні, ні гармоні. Я маю на ўвазе вясну, лета... Мішка Ганчароў круціць кіно пры пустой зале. Успа- мінаюцца ранейшыя гады — канец пяцідзесятых, пачатак шасцідзесятых. Якая самадзейнасць была! На канцэрты ішлі людзі з такім настроем, бы да іх сам Райкін прыехаў. Клуб быў маленькі, але ўсіх умяшчаў. Чалавек на чалавеку. Колькі ж смеху было ў ім, весялосці. Ніколі не забуду, як паказвалі інтэрмедыю нашы артысты Якаў Шчарбакоў і Мішка Клюеў. Забыліся, бедалагі, словы, але выкруціліся — пачалі на хаду выдумляць новы спектакль. Так разыгралі, што людзі не паспявалі слёзы выціраць ад смеху. Крытыкнулі, адным словам, непарадкі калгасныя...

А цяпер — ціха. Загадчыкі клуба не трымаюцца падоўгу. 3 Магілёва прысылаюць іх, з культпрасветвучылішча, яны год ці два адчыняюць ды зачыняюць дзверы, а потым памахаюць ручкай — і толькі бачылі. Помніш Валодзю Батуру, цыгана? Энергічна быў узяўся ён за самадзейнасць, усіх бабулек на рэпетыцыі ў клуб сагітаваў, але і ў яго нічога не атрымалася. Канцэрт так і не адбыўся — з'ехаў Батура.

Не звіняць і дзіцячыя галасы на горцы. Тэлевізар моцна трымае. Ды і дзяцей менш цяпер. Ціха ў вёсцы. Апусціла яна галаву.

Ты, браце, відаць, успамінаеш вольхі, што раслі некалі на поплаве перад нашай хатай. Я адзін раз нават артыкул напісаў у раённую газету, здымачак зрабіў. I загаловак даў: «Расціце, вольхі!» А іх адразу ж пад сякеру — усе да адной, бы нехта мне адпомсціць рашыў: «Ах, расціце!..» Меліярацыя. Выпрамілі і рачулку, цяпер канаўка. Верабей пяройдзе і пер'е не памочыць. Няма вольхаў, няма ракі, няма і маляўнічага кутка ў вёсцы... А старыя людзі не дурні: калі вольхі саджалі, то не толькі зям- лю ўпрыгожвалі, але і думалі пра тое, што можа пажар усхапіцца. Вольхі захінуць другую частку вёскі, не дадуць агню перакінуцца. А яшчэ розная пярнатая драбяза побач жыць будзе. У алешніку ад спёкі курыца схавацца можа, качкі, гусі...

Тое, што думалі старыя, нікога не цікавіла. Зруйнавалі, абезжыццёвілі маляўнічы куток. Я не супраць меліярацыі, але ж хіба ў нас тут балота было? Разлічвалі, што з тых дзесяці гектараў, якія займалі вольхі, прыбытак будзе калгасу. Першы год нават авёс пасеялі. Авёс пасярод вёскі? Дадумацца ж! Курам не на смех, а на корм. Цяпер зямля пустуе. Лысая зямля. Праўда, кароў тут пасвяць — грамадскія статкі. Бегаюць рагулі па тым лапіку, галовы задраўшы, галёкаюць, а ўшчыкнуць няма чаго. Але хто цяпер скажа, што не паклапаціліся пра пашу? Вось яна перад табой. Не бяда, што выталачана.