Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 70

Васіль Ткачоў

Дзядзька Васіль спыніў каня на добрым травяным лапіку, зняў з калёс бензапілу, праверыў, ці не капрызнічае, і тая застракатала, парушыла лясную цішу.

— Выбракоўку трэба зрабіць,— сказаў.— Густа расце сасна. Адно дрэва другому цягнуцца ўгору замінае. Хворыя дрэвы трэба зразаць. Мо тады менш тая хвароба будзе распаўзацца?

Ён схаваўся з пілой у гушчары, а я хадзіў з кошыкам недзе непадалёк, бо піла, колькі я збіраў познія сёлетнія грыбы, гудзела побач, нібы лётаў за маёй спіной рой сляпнёў.

Грыбоў было багата. Збіралася лёгка. Асабліва лезлі на вочы маслякі, шэнціла на ваўнянкі, рыжыкі, зрэдку трапляліся баравікі, абабкі, падасінавікі.

У Гомель вяртаўся вечарам. Разам з грыбамі вёз з лесу свайго дзяцінства нямала ўражанняў, думак, якія прывялі мяне потым у аблспажыўсаюз. Захацелася падзяліцца імі з Тамарай Міхайлаўнай Шамятковай, начальнікам аддзела закупак і збыту дзікарастучай прадукцыі і лекавай тэхнічнай сыравіны. Хацелася ведаць, як жыве, працуе сёння лясны цэх не толькі ў Рагачоўскім раёне, але і ва ўсёй вобласці.

— Сапраўды,— сказала Шамяткова,— ціха пакуль у тым лесе, пра які кажаце. Рагачоўшчына не значыцца ў нашых спісах як перспектыўны раён па збору лясных дарункаў. Выручае Палессе. Шчодры гэты край, ды і людзі там рупныя.

Зноў успомніўся дзядзька Васіль.

— Бульбу мы ў зямлі не пакідаем, не,— заклапочана казаў ён.— А вось грыб... Каб яму хоць частку той увагі, што надаём мы «другому хлебу», то зімой нам бы гараджанін вялікае дзякуй сказаў. Расце ж грыб, ніякіх клопатаў, турбот па доглядзе за ім не патрабуе, а распараджацца мы гэтым багаццем пакуль не ўмеем. Рукі не даходзяць. Хіба ж не так? А што такое грыб, асабліва ўзімку,— кожны ведае.

Рагачоўшчына, канечне, не Палессе, але ж гэты куток не можа скардзіцца на адсутнасць умоў для нарыхтоўкі грыбоў. Ёсць дзе расці ба- равікам і апенькам, смаржкам і маслякам. Толькі іх, тыя ўмовы, ствараць трэба. Не сказаць, каб не браліся тут грыбавары за справу. Браліся... Летась вырашылі варыць чорны грузд, аднак на месцы попыту ён не меў. Для сябе жыхары раёна назапасілі ўдосталь лясных дарункаў. А недзе ж прагнуць людзі купіць у магазіне і той жа чорны грузд, багаты каштоўнымі вітамінамі, смачны і карысны, ды не могуць: сёння нарых- тоўка ў раёне вядзецца такімі чарапашымі тэмпамі, што чыгунка не можа нават выдзеліць нарыхтоўчай канторы вагон, бо яго няма чым напаўняць, а парожні каму выгадна цягнуць за сотні кіламетраў? Вядома ж, чыгуначнікі на такое сваё «дабро» не дадуць. I хто іх будзе вінаваціць у гэтым?

Калі з нарыхтоўкай грыбоў справы ў самым паўночным раёне вобласці абстаяць яшчэ, скажам прама, кепска, то за лекавыя травы выказваюць у аблспажыўсаюзе падзякў. Тамара Міхайлаўна Шамяткова зазначае:

— Было б вельмі крыўдна, каб травы, што растуць на Рагачоўшчыне, не збіраліся. Спецыялісты сцвярджаюць, што ў гэтым кутку вобласці яны надзвычай карысныя, утрымліваюць у сабе багата фармакалагічна каштоўных рэчываў. 3 многіх раслін і іх частак атрымліваюцца высокаэфектыўныя лячэбныя прэпараты, а ці трэба казаць пра адвары, настоі, якія таксама вылечваюць людзей ад розных захворванняў.