Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 59

Васіль Ткачоў

Тая не вельмі радасная сустрэча ўсё ж нас зблізіла, нечым нават і парадніла. Як-ніяк, а першы я чалавек, што сустрэў у Іскані Галіну Сцяпанаўну. Настаўніца кватаравала ў цёткі Ганны, і мы, хлапчукі, нярэдка бегалі, асабліва ў завіруху, за шэсць кіламетраў на шашу суст- ракаць Галіну Сцяпанаўну, тапталі сцяжыну, неслі няхітрыя рэчы. Сама яна з Быхава, сям'і не было, таму часта ездзіла да маці. Пра аўтобусы на той час і не ведалі.

Пара табе і пра пісьмо расказаць. Я прывяду з яго наступныя радкі, і ты амаль усё зразумееш: «Настрой нікчэмны. Наш калгас 27 лютага будуць далучаць да Абідавіч. Не адкрылі мы музей — і не адкрыем. Будзе, як у тваіх «Вокнах». Калі людзі перакрэсліваюць гісторыю няхай нават такой невялікай вёскі, як Іскань,— вялікі ім мінус, гэта нявыхаванасць. Балюча мне, хачу не толькі плакаць, але па-бабску галасіць. Палкі ўжо далучылі да Сяльца. Гаварылі, што жыхары Палак усе да адзінага пакінулі залу, калі ім аб'явілі рашэнне, але ніхто на гэта не звярнуў увагі. Зрабілі так, як нехта недзе рашыў загадзя...»

Шчымлівае пісьмо.... Галіна Сцяпанаўна прасіла дапамогі, прасіла, каб заступіўся. Здавалася б, усё залежыць ад саміх калгаснікаў: узнімуць рукі — аб'яднаюцца з суседзямі, не — будуць жыць і дбаць так, як і дагэтуль. Ёсць жа сялянская дэмакратыя! А, бачыш, людзі просяць дапамогі, бо яна, дэмакратыя, была і ў Палках... Задумваюся над праблемай гаспада- рання, разважаю і так і гэтак. Што, не існуе яе хіба, дэмакратыі? На паперы, выходзіць, толькі? Націснуць зверху — і не піснеш? Атрымлі- ваецца, што так. Бо што ж можа яшчэ перашкодзіць нашай «Іскры» самастойна жыць — так, як таго жадаюць самі людзі, нястомныя нашы землякі? Гэта ж вельмі проста — самім вырашаць свой лёс! Самім! Вы стварылі калгас, хоць і не вы, а ўжо дакладней сказаць будзе — бацькі вашы, дзяды, маці і бабкі, перадалі яго вам у спацчыну — нясіце далей эстафету!

Пакуль я так разважаў, думаў, за сто кіламетраў ад мяне ў адзін і той жа час вырашаўся лёс калгаса. На сцэне занялі месца члены прэзідыума, у зале — калгаснікі. Слова трымаў прадстаўнік з райцэнтра — так ужо вядзецца, бо людзі могуць толькі працаваць, рабіць у дождж і ў снег, з ранку да вечара песціць зямлю, тут ім давяраюць, а калі што адбываецца ў зале, пад дахам, дзе не капае за каўнер і не дзьме, абавязкова на сцэну ўзбіраецца чалавек з раёна, пачынае вучыць, як трэба жыць. Мастакі! Яны, людзі, першы раз таго агітатара бачаць, прозвішча яго і нават пасада ні аб чым не гавораць, затое гладка гаворыць ён сам. Абяцае за- латыя горы. Яны блізка — у суседзяў. Вунь яны. Выйдзіце за вёску, гляньце — вочы разбягуцца. Што, не бачыце? Ну-у, зусім вы, так ска- заць, адсталі ад жыцця, заседзеліся. А перспектывы ж якія перад вамі, таварышы! Хапайце! Хапайце, братцы, а то мы перадумаем — і ўсё прапала! Ну, дык рукі, рукі!.. Не згодны, бачым? Эх, людзі! Не б'ецца ў вашых сэрцах рытм жыцця! А вось калі за рукі возьмецеся з суседзямі — адразу, як з крана, і малако пальецца, і мяса прыбудзе, горад завалім. Пляскайце ў далоні — і разбягайцеся!