Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 58

Васіль Ткачоў

Разрастаецца дрэва Глусцовых. Мікола ж, дарэчы, з суседкай ажаніўся — Надзяй Снытковай.

А Валік Клімаўцоў? А Люба Шурмялёва?

Застаюцца хлопцы і дзяўчаты. Ведаеш, пра што ўсё гэта мне напомніла? Быццам стаіць машына на мосце, збіла парэнчы, пагойдваецца, і лёс яе цяпер ад людзей залежыць — налягуць, то ўспаўзе на мост, не — пляснецца ў рэчку. Магла б і вёска наша так... Не сёння, дык заўтра. Але людзі наляглі. Можа, і не зусім удалае параўнанне, але чамусьці гэтае падвярнулася пад руку.

Цяпер пра хлопцаў, братоў нашых. 3 арміі вярнуліся вясной, заязджалі да мяне. Усё лета бадай што жылі ў вёсцы, бацькам з імі і лягчэй было, і весялей. Валодзя сказаў аднойчы мне:

— Я ў вёсцы застаюся.

— Хвалю,— адказаў яму.

— Сашка — як хоча, а я застаюся. Пакуль з бацькамі пажыву, потым аддзядюся — у калгасны дом, а? У Маскве калі служыў, то прапа- ноўвалі нам там застацца. У будаўнічым атрадзе. За мяжу таксама прапаноўвалі. Не, не люблю я горад. Вось так рашыў: ажанюся, завяду гаспадарку, парсюкоў, курэй, трусоў, а там мо і пчол. Чым не жыць? Рабіць, праўда, трэба, але ж... Сам падумай. Заманліва? Парсюкоў — двух: аднаго для сябе, другога на базар. Хату ж трэба абставіць. А потым, можа, і машыну куплю. У грыбы ці куды праехаць — зручна. А працаваць у калгасе буду. Са старшынёй размаўляў, то давай, кажа, у будаўнічую брыгаду, а там у тэхнікум паступай завочна, прарабам будзеш. Як?

Было б, вядома, добра, каб нашы малодшыя браты і сапраўды засталіся дома. Глядзіш, і нам было б куды прыехаць, бацькі ж не вечныя, а зямля, дзе нарадзіліся, выраслі,— заўсёды ў сэрцы.

— Малайчына, Валодзя! — гавару і бачу, як па-даросламу шчыра свецяцца ў яго вочы.— Толькі ж і нявесту трэба такую выбраць, каб працу любіла, добрай парай табе была. Ёсць на прыкмеце?

Маўчыць. Няма ў яго нікога. Ведаю. Сашка ў клуб, а ён дома знойдзе для сябе занятак. Корпаецца паціху, майструе нешта. То кармушку для трусоў, то самакат — ваду вазіць. Мусіць, і ёсць на прыкмеце ў яго нехта, але сёння і сапраўды цяжка знайсці дзяўчыну, каб завіхалася па гаспадарцы ад прыцемку да прыцемку. Сэнс жыцця бачаць вяскоўцы не толькі ў працы — і ў адпачынку. Правільна: сумяшчаць трэба. Але ж усё роўна давядзецца ў нечым недабраць...

Але ж ты ведаеш, дзе сёння браты. У горадзе. Размова з Валодзем была самая што ні ёсць сур'ёзная, шчырая, а ўсё атрымалася наадварот. З'ехалі хлопцы. Але ж чаму?

У лютым прыйшло пісьмо ад Галіны Сцяпанаўны Шульгі. Узяўшы яго ў скрынцы, адразу ж пазнаў яе почырк, акуратны, роўны, літары высокія, што калкі ў плоце добрага гаспадара стаяць. У школе яшчэ, калі яна вучыла нас, падладжваліся пад настаўніцу — хацелі пісаць так прыгожа, але толькі хацелі... Пакуль нёс пісьмо, успомнілася лета 1959 года. Быў жнівень, спякотны, сонечны. Я збіраўся ў пяты клас, набіў ужо нават дэрмацінавую сумку — пазней у такіх насілі, бачыў не раз, ежу пуцявыя рабочыя, вартаўнікі, але ж яна прадназначалася для нас, вучняў,— набіў, што не зашпіліць, падручнікамі і сшыткамі, з сумам паглядаў на школу. Пара б і званок даваць. Толькі на школьным двары было ціха, адно сноўдаліся па ім, нікога не баючыся, дырэктаравы куры, нешта клявалі ў траве. Вось у адзін з такіх дзён і прыехала Галіна Сцяпанаўна, выпускніца Магілёўскага педагагічнага інстытута. А сустрэў яе першы я. Так-так. Якраз наведаўся дзядзька Аркадзь з Канавы, паставіў на горцы свайго «ЗІСа», а сам у хаце сядзіць з бацькамі, балакаюць, а я тым часам у кабінку, за руль. Круціў-націскаў там усё без разбору, пакуль машына не скранулася з месца і не пабегла ўніз, на мост. Разгубіўся не на жарт, учапіўся за руль, пачаў круціць яго туды-сюды, але як ні стараўся, не змог уступіць дарогу легкавушцы. I неўзабаве новая настаўніца выбіралася з кювета.