Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 60

Васіль Ткачоў

Не, недарэмна хвалявалася Галіна Сцяпанаўна: калгас далучылі. Амаль так, як і ў Палках. Праўда, у Іскані прагаласавалі ўсе камуністы «за». Яны, бач ты, інакш не маглі, таму што на кожнага глядзеў прадстаўнік з раёна, боязна, яшчэ на паперку возьме, а той правёў перад сходам кароткую лятучку, напомніў пра месца камуністаў у вялікіх справах, даў зразумець, што чалавек, які носіць партыйны білет, павінен заўсёды падтрымліваць раён. Згодзен ты ці не згодзен, а руку — угору. I вышэй, каб людзі бачылі і таксама паднялі. А людзі-то ім верылі, сваім камуністам, думалі і спадзяваліся, што яны хоць якое слова вымавяць у абарону калгаса. Не вымавілі. Нічога не хачу сказаць кепскага ў адрас камуністаў «Іскры», бо іх адразу не пераломіш — прывыклі жыць па ўказцы зверху, іх так навучылі. I калі б нават што іншае вырашалася, ну, уявім, прапанавалі б зноў жа адтуль, зверху, пакінуць пад снегам бульбу, не збіраць — вясной, маўляў, бліны з яе смачныя будуць, не трэба і цукру дабаўляць, баюся, яны б таксама пагадзіліся...

I калі ў нас кожны навучыцца думаць?!

У Іскань я прыехаў на наступны дзень. I першае, што пачуў ад людзей, было цяжкае, з уздыхам-выдыхам:

— Няма болып нашай «Іскры». Патушылі... Эх-ма!

Далей — болып:

— Не далі і слова сказаць...

— Абрабавалі сярод белага дня...

— А я і зусім не паспеў на той сход: пакуль каня прывязаў да слупа, гляджу, і людзі разыходзяцца.

Як бы там ні было, а «Іскру» ўзяў на буксір «18 партз'езд». Але чаму — на буксір? Раённая газета пастаянна друкавала самыя розныя зводкі, і людзі бачылі, што амаль па ўсіх паказчыках «Іскра» займала прыстойныя месцы, было нават, што і першыя, другія, трэція — у хвасце, адным словам, не плялася. Людзі зараблялі добра. Тэхнікай увесь двор застаўлены. А потым, як пярун,— доўг дзяржаве, ды не маленькі... Вось табе, бабулька, і Юр'еў дзень! Хто ж улез у дзяржаўную кішэшо? Іван Семчанка? Якаў Шчарбакоў? Не, гавораць, не бралі, нічога не ведаем, нават першы раз чуем.

Запазычанасць і стала быццам галоўнай прычынай у вырашэнні лёсу гаспадаркі. Самі калгаснікі нічога змяніць не маглі. Узняў ты руку ці не, а ў залу было кінута: «Будзем лічыць, большасцю галасоў...» Нехта запратэставаў, выгукнуў:

— Дык тут жа і палавіны людзей няма!