Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 35

Васіль Ткачоў

Смеццявоз хутка пад'едзе, калі не бачыў, то звярні ўвагу. Паперкі, косці рыбныя будуць валяцца і ў ліфце, і на лесвіцы. Дзецям вёдры ў рукі — выносьце! Яны і натрусяць. А ці падбяруць? Адзін раз Вольга, прыбіральшчыца, захварэла, дык нагі не было дзе паставіць. Канверцік адзін у ліфце тры дні ляжаў. 3 адрасам. Я падняў ды і аднёс, мараль прачытаў. Няўжо, гавару, не бачыце, што ваш канверт? Паднялі б хоць, гэта ж уліка! Яна мяне за дзверы, а пацан смяецца. 3 такім выхаваннем мы... Кхе-кхе... Ладна. Добра.

Мы цяпер пра перабудову ды пра перабудову. Тут і ў мяне меркаванне ёсць. Я так кемлю: перабудоўваць цяжэй, чымся зноў будаваць. Дом, скажам, зрабілі, а яго не прынялі: перабудаваць, так, хлопцы, не пойдзе справа. Не, скажуць будаўнікі, мы лепш новы зробім, чым гэты перабудоўваць. Так? Так. А чалавека як перабудаваць? Як, вот адкажы мне? Таму трэба дзяцей ад калыскі вучыць усяму па-новаму, каб потым не перабудоўваць. Тую ж дарогу пераходзіць. А чаму дзеці стараюцца без чаргі ў магазіне купіць? Таксама бачаць, што дарослыя лезуць, сораму не маючы. Не-е, дзеці ў нас такія, як і мы, дарослыя. Лісток на дрэве жаўцее не адзін — усе разам, дружна.

Таму я так і кемлю: не будзе дурнога прыкладу для малечы — яна залатой вырасце. І ў магазіне будзе стаяць у чарзе, і курыць не будзе з рукава, хаваючыся: ім жа карціць паспытаць — ці смачна? I дарогу пяройдзе толькі на зялёнае святло. Правільна ж у нас гавораць: у хворых бацькоў і дзеці хворыя. Думаю ж: а хто вырасце вось з гэтага карапуза? Рабочы? Касманаўт? Артыст? Нехта вырасце, цяпер вучыся толькі, усе дзверы адчынены. Але ж хочацца, каб чалавекам перш-наперш стаў. Каб потым не перабудоўваць яго.

У мяне іншы раз так настрой сапсуецца, што таблеткі каўтаю — не спіцца. Калі не за дзецьмі, а за дарослымі паназіраю. Паменела ў нас дабрыні, растрэслі яе недзе, пакуль да такога вось заможнага жыця прыбіваліся. Раней жа як было? Жабрак па вуліцы ідзе — апошнім з ім падзелішся. Цяпер і жабракоў быццам не відаць, але ці далі б яму? Э-э! А сабак колькі ў нашым раёне бяздомных? Вунь яны на каналізацыі грэюцца. Эх, людзі, людзі... Павыкідвалі, а раней жа, мусіць, лашчылі іх, а як толькі хаты знеслі і ўсім кватэры далі ў высокіх дамах — не трэба сабакі сталі, няма чаго вартаваць. Аддзячылі за службу. Чарсцвеем, душу губляем. I пакуль зноў дабрыні ў нас не накопіцца — не знаю, чаго заўтра чакаць. Хоць мне што? Я, можна сказаць, не сёння, дык заўтра... Вам жыць. За вас баюся. Багацце гэтае душу заняло.