Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 34

Васіль Ткачоў

Людзі ж розныя трапляюцца. Маладыя хлопцы — дык ёсць сярод іх нахабнікі адпетыя, як гавораць. Нявыхаванасць поўная. Плюхнуцца на сядзенне, разваляцца, цыгарэту ў зубы... Так і хочацца адчыніць дзверцы і павыкідаць з салона. I каго з сябе корчаць, як у нас у вёсцы старыя людзі гавораць? 3 Кармянскага раёна я... Аднаго разу было. Выкінуў. За каўнер — і на тратуар. Селі два хлопцы і дзяўчына. Ціскаюць дзяўчыну... Цьфу! Брыдка! Ні грама сумлення. Яны, відаць, таксістаў за людзей не лічаць, ці што... Бо як жа можна так пры чужым чалавеку! I выкінуў! Не вытрымаў. Прыгразілі. Ну-ну, давайце, не такіх бачылі.

Аднаго разу бабульку вёз. Прыехалі да хаты — яна ў прыватным сектары жыве — а ў яе грошай няма. «Быў жа вузельчык, міленькі. Быў». Згубіла, відаць, старая. Добра, бабка, гавару, наступным разам аддасі. «Не, міленькі, пачакай, я ў суседкі пазычу, разлічыцца ж трэба». I суседкі дома не аказалася. Паехаў, не стаў чакаць, пакуль яна той рубель знойдзе. У яе там і рублёў тых...

Гісторый розных хапае. Пра ўсе не раскажаш.

Ну, а ці ёсць выгода працаваць таксістам- прыватнікам? Ёсць. Тое, што некалі грошы на машыну затрачаны,— сёння на заднім плане. А так я іншы раз маю, калі пастараюся і пашанцуе, за адзін дзень і сорак рублёў. Чысценькімі. Дзень да дня — і ўжо, можна сказаць, вярну скора ўсе грошы, што пазычаў. Праз месяц, па маіх падліках. А там і кватэру абставім. Цяжкавата, праўда. А што лёгка даецца? Сядзець на капапе таксама бывае цяжка.

Таксісты-прафесіяналы, праўда, нас раўнуюць: маўляў, усе грошы, што зарабілі, сабе забіраюць. Але ж я працую яшчэ і на заводзе.

I «Жыгулі» мае ўласныя. I патэнт аплачваю. Зайздроснікі людзі. Купляйце машыны, калясіце па горадзе на ўласным транспарце, калі ёсць жаданне. Хто забараняе? Толькі мне здаецца, зайздрасць тут мае іншыя карані. Мы, прыватнікі, абслугоўваем пасажыраў больш культурна, ветліва. Я не ведаю выпадку, каб на нашага брата хто паскардзіўся, на іх жа, прафесіяналаў, сыплюцца нараканні. Канкурэнцыю ім мы саставілі. А?

Паездзіў па горадзе, цяпер вось — водпуск ёсць водпуск — знімаю таблічку, і ў падарожжа. Усіх грошай не заробіш, а паглядзець краіну хочацца. Вельмі. Не былі на Алтаі? Юрка Сасноўскі там жыве, служылі разам у Афгане. Хваліў Алтай. Паглядзім.

3 вас рубель пяцьдзесят. Не, не, памыліўся.

Ну, шчасліва! А я паехаў. Гадзіны дзве яшчэ папрацую сёння.

Маналог трэці, які належыць гарадскому дзеду Сцяпану Уладзіміравічу Барашу:

— Што раблю, што раблю? Дзяцей ганяю. Садзік сцерагу. Яўген звольніўся — характару не хапіла, а я застаўся на пасту. А што? I добра. Толькі вось перакос такі выходзіць: ад дзяцей сцерагу. Аб'явы расклеіў на слупах... Такога, значыць, зместу: «Бацькі, дзеці якіх будуць лазіць цераз паркан сада-ясляў, будуць аштрафаваны». Папалохаць і бацькоў трэба, няхай прыглядаюць за сваімі дзецьмі, а то іх на вуліцу выпусцяць, а самі тэлевізар глядзяць. А яны тут на галаве ходзяць. Дзеці, канешне. Гуляйце на сваіх пляцоўках, хіба для вас там разгону мала? Дык не ж, цягне, анціхрастаў, на тэрыторыю сада, а загадчыца мне, як адказнаму за пара- дак, на від ставіць. Чаго добрага, і звольніць можа. А я спраўна ўсюды рабіў, без заўваг. Не хочацца пад канец у галёш сесці. Неслухі калі ж. Яшчэ і дражняцца: «Дзед, дзед, барадзед». Я ім! I шыбы б'юць, і арэлі ламаюць. Пусціў бы, каб добра гулялі. А яны не прывучаны... А ліфт бачыў? Размалявалі, падрапалі. «Светка плюс Алік — любоў!» Не так дзяцей віню, як дарослых. Дзеці што — гліна, якіх мы вылепім, такімі і будуць. Страшна, што могуць не такімі быць, як нам трэба. Я з садзіка, з аб'екта свайго, часцяком назіраю... Вунь дарогу перабягае дзядзька, вунь... Чырвонае ж святло гарыць, а ён чэша. Малы з каго прыклад бярэ? 3 таго дзядзькі. 3 дарослых. Прастуе і ён, толькі па баках азіраецца — ці няма міліцыянера? Дзеці яго баяцца, а дарослым мора па калена.