Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 33

Васіль Ткачоў

Колькі я ўжо грошай налічыў? Тры тысячы, восемсот, паўтары... Пяць трыста. Дзе ўзяць яшчэ тры з хвосцікам? Пазычыць? Заікніся толькі, жонка адразу надзьмецца: «Кватэра пустая, а ты ў даўгі? Падумай, што ты робіш!» Маўчу, а сам ведаю ўжо, што хутка чарга падыходзіць. Зноў водпуск у свінарніку праводжу, толькі ў суседнім калгасе. Шабашнікам завуць — нічога, сцярплю. Па чатырнаццаць гадзін у суткі рабілі, ніякіх перакураў, сухі закон. Плюсуем яшчэ тысячу. Многія шабашнікаў лічаць хапугамі, ведаю, нават у газетах пясочылі.

А мы каб рабілі на тым свінарніку па восем гадзін, ды так, як мясцовыя ммужыкі, то і зарабілі б з гулькін нос. Не, то не дармавыя грошы, гэта хто не спрабаваў таго хлеба, можа толькі так падумаць. Салёны хлеб. Ды і грошы тыя ў маёй кішэні доўга не паляжалі: дзе ўзяў, як кажуць, туды і паклаў. Дзяржаве вярнуў. «Жыгулі» ж для яе не каштуюць столькі, колькі я заплаціў. I калгасу добра. Усім выгода.

Дзве тысячы ўсё ж пазычыў. У бацькоў няёмка было пытаць — суседзі выручылі. Адны пяцьсот, другія трыста, трэція, Кавальчукі, і ўсю тысячу далі. «Калі вернеш, тады і добра».

Вось так у мяне і «Жыгулі» з'явіліся. Стаяць, праўда, пад акном, бо гараж пакуль купіць няма за што — яшчэ старыя даўгі вісяць. Аддаём патрохі, вяртаем...

Я з Дзяржаўтаінспекцыі расказ свой пачаў. Там нас прасеялі, як праз сіта: адны старыя, лейтэнант жартам параіў ім унукаў забаўляць, іншыя не маюць вадзіцельскага стажу, трэція трапляліся за парушэнне правілаў дарожнага руху. Я, як бачыце, прайшоў, раз вас вязу. Чырвонае святло. Пастаім. Да пяцідзесяці лічу — і зялёнае загараецца. Усё, можна ехаць.

Дык вось, на першым часе баяўся, каб не праляцець, ды і знаёмыя адгаворвалі. «Навошта, Лёха, машыну гробіць, яна ж не маленькія грошы каштуе!»

Першы раз выехаў на лінію, як цяпер помню, без асаблівага настрою. Хваліцца не буду. Хто б заліваў, а я не прывык. Па-першае, думалася, а што, калі ўхаластую праездзіш? Па-другое, крыху сорамна было. Ага! Вось, думаю, начальнік мой выпадкова сядзе ці дружок законны — і што тады? Браць грошы з іх ці не? Але жыццё само ўсё паставіла на месца. Падвозіў і знаёмых, і начальніка. Вязу і думаю: «Заплоцяць — не адмоўлюся, не — ну што тут паробіш?» Яны пытаюць — гэта я да прыкладу: «Ну, колькі з мяне, Аляксей?» Плячыма паціскаю... Маўчу. А Васіль Захаравіч, майстар з нашага завода, папракнуў нават, быццам мараль прачытаў: «Ты, Аляксей, не саромся, а калі ўзяўся працаваць, то вочы не адварочвай, а гавары, колькі там накруціла, а то так і без штаноў застанешся». Людзі разумеюць, як бачыце. Адна справа, калі я так проста ехаў ды падвёз каго-небудзь з добрых знаёмых, іншая, калі гэта мая работа. Верна?