Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 32

Васіль Ткачоў

Гавару гэта ўсё для таго, каб даць зразумець, колькі ў нас на будоўлі яшчэ дурной работы. I ўсё з-за таго, што ў свой час нехта прасядзеў у кабінеце склаўшы рукі, не падлічыў, не падрыхтаваў, але аклад, вядома ж, атрымаў. Магчыма, і прэмію. У нас пакуль яшчэ Патапавых няма — гэта ў кіно толькі. Вось. Ну, а вінавацяць, як ты і здагадаўся, нас, рабочых. Майстар яшчэ і пакрыквае, дарэчы, на тых дзяўчат, што цэглу мне падносілі. I не дакажаш, што для іх перацягаць па 600—700 блокаў з цэглай, а кожны важыць 7—8 кілаграмаў,— замнога.

— Дзённая норма грузчыка — семдзесят тон! — як адсякае Качаргін.

Ты б вось сам перанёс столькі, га? Маўчыць.

У нас на будоўлі багата яшчэ неразбярыхі. Ці будзе ёй калі канец? Гавару таму, што набалела. Іншы раз я твар ветру падстаўляю — духата ў сценах, асвяжыцца хочацца. Вецер ёсць. На будоўлі яго хапае. Толькі не той вецер, пра які мы цяпер гаворым на кожным кроку...

Ладна, хопіць. Гавары не гавары, а што зменіцца ад слоў. Цэглу трэба класці. Людзі жыллё чакаюць. А мне сям'ю карміць трэба.

Маналог другі, які належыць таксісту- прыватніку Аляксею Пятровічу Мурашову:

— У Дзяржаўтаінспекцыі нас, такіх ахвотнікаў, сабралася багата. Гляджу— і знаёмыя твары ёсць: некалі вучыліся ў аўташколе разам. Весялей трохі зрабілася, бо фарміруецца калектыў таксістаў-прыватнікаў, і калі ў ім двое- трое знаёмых... Самі разумееце. Весялей, ага. Я, шчыра прызнацца, з недаверам аднёсся спярша да навінкі. Было. Баяўся, каб не праляцець. Свежая капейка, вядома, не пашкодзіць, для сям'і яшчэ шмат што купіць трэба — аўтамашына ўсе зберажэнні з'ела. Вось цяпер выпадак падвярнуўся, калі яна, аўтамашына, і выручыць павінна. Расказаць, адкуль у мяне грошы ўзяліся на «Жыгулі»? Адзіны, так сказаць, прыклад, калі цёшча тут не замешана. Назбіралі. Паціху, памалу. За пяць гадоў сумеснага жыцця з жонкай сабралі тры тысячы, восемсот рублёў зарабіў за месяц законнага водпуску — у калгасе з хлопцамі паднарадзіліся свінарнік адрамантаваць. Паўтары тысячы на вяселлі нам родныя і блізкія падарылі. Жонка, Валя, мне шыю перапіліла: «Давай, Лёшка, і тое купім, і гэта». А я калі ў Афганістане служыў, то слова сам сабе даў: у ляпёшку разаб'юся, а легкавую куплю! Чамусьці мне там дужа захацелася аб'ездзіць усю нашу краіну, палюбавацца ёю. Не, за мяжу мне не трэба, хопіць за мяжу... Мы часта так: сваёй Радзімы не ведаем, далей свайго горада ці вёскі не былі, а за мяжу рвёмся. Шмоцце вабіць. А ці ж гэта галоўнае? Таму я Валюшы сваёй цвёрда сказаў: «Купім і тэлевізар каляровы, і новую пральную машыну, і гарнітур у спальню. Пацярпі трошкі. Зараблю, рукі ж ёсць». Я, канешне, не меў на ўвазе, што «Жыгулі» мяне і выручаць будуць, думаў пайсці ўладкавацца на паўстаўкі яшчэ дзе-небудзь. Сто семдзесят на заводзе маю ды яшчэ рублёў семдзесят—восемдзесят падзараблю. Плюс Валя сто дваццаць прынясе, яна ў садзіку працуе — якраз і добра. Выкруцімся. Водпуск у яе доўгі, можна смела махнуць куды-небудзь. Хоць ма Алтай. А чаму і не? Паспеем.