Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 18

Васіль Ткачоў

Шчасця табе, дом!

ПАЗІЦЫЯ

Сакратар па ідэалогіі аднаго з райкомаў партыі паскардзілася: “Патрабуюць, патрабуюць... Што можа быць лягчэй, як патрабаваць? Я пра вяселлі, пра цвярозыя. Колькі правялі, колькі правядзём у бліжэйшы час. «Дакладвайце!» Ну і дакладваем... Атрымліваем, вядома, спагнанні, бо хваліць няма за што. А вось той, хто спускае гэтыя паперкі, сам бы пайшоў да людзей, сказаў: «Э-э-э, што вы робіце? Убраць, убраць са стала бутэлькі! Я загадваю! Праводзьце цвярозае вяселле!» Ідзём, ідзём і мы да людзей. Рэдка, вельмі рэдка хто пагаджаецца, большасць — супраць, і катэгарычна: «Наша вяселле — і не ўказвайце!» Людзі ж яны розныя... Што ім да нашых паперак? Ды і ці трэба вось так давіць, вобразна кажучы? У нас, на жаль, яшчэ бывае так: што вякамі ўкаранялася, вы- травіць хочам адразу, вокамгненна. Не, патрэбен час. I я веру, што ўсё стане на месца. Але не сёння. I нам, партыйным работнікам, трэба таксама мець цярпенне, цвярозы падыход да кожнай справы”.

А мне ўспомнілася адно вяселле. Таксама... цвярозае. Прыехалі на яго з тэлебачання — рашылі паказаць людзям, як трэба... У адной хаце накрыты сталы, дзе замест бутэлек з гарэлкай і віном стаяць напіткі, сокі, а ў другой, праз дарогу,— усё наадварот. Мужыкі вып'юць па чарцы, похапкам закусяць і паспяшаюць адзін аднаго:

— Пабеглі, Пятро, у цэлявізар паказвацца...

Ведаеце, як трэба рваць пустазелле? Калі спяшаешся, то карэньчыкі абавязкова застаюцца ў зямлі... I адразу ж на тым месцы вырастае яно зноў. Як і не знішчалі яго.

* * *

Наша бяда — прыпіскі.

Учора каля кіёска «Спрынтлато» адзін небарака «прыпісаў» сабе аўтамашыну «Волга». Знайшліся людзі, якія строга пакаралі хвалько — падсцераглі за вуглом, забралі «спрынт», дзе ўсяго і было адціснута літарамі «без выйгрышу», але ж надавалі кухталёў, прытым два разы. Першы — каб не крычаў, калі на яго напалі знянацку, другі, калі даведаліся, што схлусіў.

Ведаю жанчыну, якая хваліцца сяброўкам, што яе муж і суп гатуе, і бялізну мые-прасуе, і боцікі быццам бы знімае з яе ног. Анёл! Ведаю і мужа. Канапа, газета, тэлевізар і строга-патрабавальнае: «Суп гатовы?! Калі яшчэ зварыш, як учора,— на галаву вылью!» Прыпісваючы мужу такія якасці, жанчына недзе радуецца: «Яны сваім мужам, мяне паслухаўшы, сніны паперагрызаюць». Радуецца, бо так яно і будзе.

Хваляцца адны, што ў іх тое і сёе, нават птушынае малако ёсць, хваляцца другія, трэція... А прасцей сказаць — прыпісваюць сабе тое, чаго няма. Так і на рабоце. Дэталі, вузлы, машыны.

Разбіралі на сходзе майстра ўчастка. За прыпіскі. А ён з бойкага дзесятка быў, да стала падыходзіць і заяўляе: «Паважаны Аляк- сандр Міхайлавіч, ды кіньце вы пра прыпіскі! Кіньце! Вы ж мне характарыстыку далі, калі ў падарожжа за мяжу збіраўся, што я сам сябе не пазнаў. Што не п'ю, не куру, што прыкладны сем'янін. Я, дарэчы, адзін жыву — два гады назад развёўся...»

Прыпісваем і матэрыяльныя каштоўнасці, і духоўныя, і маральныя. Ці будзе калі ўсяму гэтаму канец?

* * *

Калектыў завода зборнага жалезабетону аб'яднання «Гомельпрамбуд» выбіраў галоўнага інжынера. Людзям было прапанавана тры кандыдатуры. Выказваліся, вядома, пра кожнага. Гаварылі востра, горача. Зразумець можна заводчыкаў — упершыню ім прадставілася маг- чымасць самім выбраць аднаго з кіраўнікоў, і яны рашылі скарыстаць гэты шанц. Кандыдаты хваляваліся, адказвалі на пытанні, выкладвалі свае меркаванні наконт заўтрашняга дня прадпрыемства.