Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 16

Васіль Ткачоў

А тады, услед за дзецьмі, на другі дзень, і нас забралі. Толкам не растлумачаць, куды вязуць, навошта. Ведаем: рацыя, уцякаць трэба. Але ж нічога нідзе не відаць. Як было да рацыі ўсё, так і ёсць. I сонца нават свеціць. Дзень чысты, ні аблачынкі.|Усю ноч везлі, а недалёка прывезлі — у Ізбынь нашага ж раёну. «Высыпайцеся!» Божухны, прыехалі як у госці. Дык у госці і тое ж цяпер з голымі рукамі не ходзяць. Ці ж мы бедна жылі? А ў руках нічагусенькі... Адвялі на кватэру да адных там, прылеглі, а не спіцца. Душа баліць. Толя ў школу пабег, у першым ён. Сам пабег. Вася — восьмы клас... Ну, а Наташка і зусім выўчаная — дзе- сяцікласніца, усё ведае-знае. Старэйшы, Федзя, дык на Прыпяці і цяпер робіць. У Кіеве пасялілі, а на работу возяць. Юрка і Сашка — з намі, пад бокам. Дык жывём мы дзень, другі кватарантамі, і тут я заўважаю, што гаспадары касавурыцца пачынаюць. То тое не так ім, то гэта. Здагадалася, я так і здагадалася, што к чаму. Як паядом, то пасля нас паўдня яны посуд яшчэ мыюць самі. Рацыі, значыць, баяцца, а нас яшчэ больш — яна ж, відаць, з намі прыехала, як пыл... I выжылі! Такія і ў вайну б не прытулілі... Хатку старую нам паказалі, там куратнік раней быў... смуродам пахне... Адмылі, жыць пачалі. Нядоўга, праўда. Зноў — трубі ў дарогу! На гэты раз у самы Хойнікі, у сталіцу нашага раёну. Там ужо лепш у параўнанні… I кожны дзень змяраюць, змяраюць рацыю.То адзенься, то раздзенься. А я ж баба вясковая, не гарадская, як жа мне раздзецца перад доктарам? Бабу, гавару, таксама доктара давайце, век сораму не мела і мець не хачу. «А дзе ж мы табе бабу возьмем?» Асмялела, а што зробіш? У вучылішчы нас размясцілі. Там ужо кармілі — не скажу, грях жаліцца. Не кожны дзень так дома сёрбаў. I стаяць над душой: еж, цётка!

Месяц у Стралічаве пражылі — увесь май з хвосцікам. Чамкоў жа наш недалёка ад Стралічава, а ў іх, бачыце, рацыі мала — можна жыць. А тут па вёсцы чутка пракацілася: нас, чамкоўцаў, сватаць прыехаў бытта старшыня калгаса з-пад Рагачэва. Я да яго.

— Хто такі? — пытаю.

— Старшыня калгаса «Кастрычнік» Сталяроў Іван Пятровіч,— прадставіўся.