Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 17

Васіль Ткачоў

— А я — Вулляна Сцяпанаўна, пенсіянерка. Вы не глядзіце, што маладая, у пяцьдзесят пайшла — дзяцей не ленавалася нараджаць. Чым парадуеце?

Ён апісаў усё як ёсць. I што месцы, ага, добрыя, горад побач, а недалёка ад вёскі, куды сватаў, дзве рэчкі — і Дняпро, і Друць, у якой пажадаеш, у той і лаві рыбу. Луг. Лес таксама ёсць. Грыбы. I так далей. Хораша салавей спявае, думаю, але самім удаставерыцца трэба, каб потым не шкадаваць. Мужыкоў адпраўляем у разведку. А з іх такія разведчыкі атрымаліся — як з мякіша куля. Праехалі, цюцькі, напіліся тамака, залілі вочы, а вярнуліся — і сказаць нічога не могуць. Разведчыкі, маць вашу!.. I як жа яны маглі што ўбачыць, калі аб магазін спатыкнуліся? Сама еду. Бяру білет і еду. Не пашкадавала грошай, край няблізкі, але пакуль на свае вочы не ўдаставеруся, што за лусту хлеба падсоўвае нам Сталяроў, хвамілія гэтая лёгка ў галаве асела, ні кроку з Стралічава. Адсюль хоць хата бліжэй. Ды і раён свой. Прыязджаю. Іван Пятровіч даланю дае: рады, рады, кажа, бачыць... Ну, аглядайцеся. А я пакуль да канторы прыбілася, то ўжо ўсё паспела распытаць у людзей, усё ўбачыць, а да яго толькі зайшла адзначыцца. Згодны, гавару! Бярыце. Толькі ж дзе жыць будзем? Дамы калі тыя яшчэ пабудуюць? А ў мяне ж сям'я. «Знойдзем месца і для сямі тваіх чалавек, цётка!» — суцешыў Сталяроў. Вось гэта іншая, сама сабе гавару, размова. Далі нам спярша падлатаную хатку, жылі спярша ў ёй. А цяпер — і зусім жывём! Чатыры пакоі. Кухня. Вугельчык прывезлі, а мы ж ім ніколечкі не тапіліся. Мучаемся. На яго дажджом лінула, ён раскіс — пясок чорны. У нас жа дровы на паліва ішлі. Лес нобач. Ламачча там хапае! Бразгацяць ажно дровы, як арэх... Во, і вугаль разгарэўся... Гарыць, ірад. Нічога, прывыкнем. Не такое сцяр- нелі, горш ужо не будзе... Трэба гатаваць нешта, мужыкі мае скора вернуцца. Карміць трэба. Вымерхаліся, відаць. У Чамкоў наш з'ездзіць бы. Не чулі, калі ўжо нас пускаць будуць? Пасвідацца. На хату глянуць... На гародчык... Вокны, відаць, такія ўжо гразныя там — не дай гасподзь!..

7

Загортваю блакнот Чарнобыльскай бяды. Ці вярнуся калі-небудзь да яго зноў? Не ведаю, толькі ж вельмі хочацца, каб у ім былі светлыя, сонечныя радкі. А што ж тычыць гэтых нататак, то, на маю думку, з іх яскрава відаць, што людзі з цяжкай жыццёвай сітуацыі выйшлі, высока трымаючы галаву, на поўны рост. Бяда згуртавала. Бяда і ўрок прыпаднесла, як трэба жыць заўтра. Многім так, як і жылі дагэтуль, іншым — не, трэба агледзецца вакол сябе, узяць верны арыенцір і не збочваць, хоць і цяжка будзе. Не збочваць. Не хавацца за спіну іншых, а старацца наперадзе быць. Інакш адстанеш і сам, і спадарожнік выдыхнецца, бо не будзе па кім раўняць яму свой крок.

А перад вачыма стаяць твары навасельцаў, і гучаць радасныя, усхваляваныя галасы:

— Хлеб-соль вам, людзі!

I калі запаліліся святлом тысячы новых вокнаў, то не будзем забываць, што столькі ж недзе і патухла... Сагравае сэрца адно: у новых вокнах — святло больш яркае.

Няхай яно ніколі не патухне.