Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 15

Васіль Ткачоў

Мне крыху і не шанцуе ў жыцці, і шанцуе — у тым плане, што з месца на месца лятаю, як птах. Былі пераезды шчаслівыя, можна сказаць. Але не гэты — у Стрэнькі. А так абжыўся ўжо, ну, думаю, Коля, тут, ва Уласах, ужо да скону дзён зазямліўся, нікуды больш не паеду. Ні да дачок, ні да сыноў, хоць, можа, і старасць бязрадасная атрымаецца. А жыццё свае папраўкі ўнесла. Я не сказаў... 3 Курскай вобласці сам. Рускі. А жонка, Марыя Мікалаеўна, беларуска. Ага. У Харкаве жыў, мой бацька быў спецыялістам па выпуску «Кацюш», а потым, калі вораг падабраўся блізка да горада, перавезлі нас, дзяцей, у Дагестан, неяк трапіў потым у Пензу... Павадзілі дарожкі. I — на табе! — цяпер вось гэтая трагедыя... А так добра ўжо сядзеў! Усё, усё так і засталося... Партрэты толькі і забралі... Ці пажадаеш каму такога?

Пра сям'ю, значыць? Маруся мне пяцёра дзяцей нарадзіла — трох дзевак і двух хлопцаў. Старэйшыя свае сем'і маюць, у Гомелі жывуць. Сын на электрыка ў Рагачове вучыцца, малодшая дачка ў шосты клас ходзіць. Недзе во забавілася. Цёмна, а яе не відна. Гэйсае па вуліцы. Калі ж сяброў багата стала — з усімі перазнаёміцца трэба...

3 расказу Вулляны Сцяпанаўны Цімафеевай:

— Во, во як яно з намі абярнулася. Жылі ж — цвіка лішняга баяліся ў сцяну забіць: шкада сцяны было. А цяпер пакінулі ўсё. Чамкоў — вёска маленькая, але дружная. Трыццаць хат. Нават школкі сваёй не мелі. Чатыры класы спярша было, а тады і іх прычынілі: няма чаго настаўнікаў трымаць, грошы траціць! — адказвалі. Дзеткі пабеглі хто ў Машу, гэта ўжо Украіна, хто на цэнтральную сядзібу — у Родзін. Вы слухаеце? Я ўсё раскажу, а і добра, што зайшлі, хоць душу вылью. Набралася калі ж. А вас хто да мяне паслаў? Старшыня? Парторг? Яны мяне запомнілі, я ім ужо, мусіць, і надакучыла... А я такая баба: свайго не пакіну і чужога не вазьму. Парасятак нам усім прадавалі. На машыне падрулілі — бярыце, разграбайце. Мой на сорак пяць рублёў выцягнуў, а глядзець няма на што. Грошы- то заплацілі, а калі не выжыве? Ой, горачка! А ў самой жа ажно тры было парсюкі. Карміла ўжо не шкадуючы. Аднаго краз перад аварыяй забілі — і прапаў. Увесь. Колькі мы там з'есці паспелі? I муку ж купілі, запасліся — і белай, і абойнай, каб жа знаццё... Два бурты бульбы раскрылі акурат — як спецыяльна пад рацыю падставілі, каб яна згарэла! Трыццаць гусак было, дваццаць пяць курак. Хлеў новы склалі. Дзе яно ўсё? Гэта як бы ў каго разрашэння спытаць ды хоць адным вочкам глянуць на свой двор? Ці пусцяць з'ездзіць, не чулі? Старшыні гавару: трэба было б, Іван Пятровіч, наведацца, а ён і сам столькі ведае, пусцяць ці не. Нас жа ў той дзень усіх адразу ў машыну... 3 работы ішлі... Гразныя, карзінкі ў руках... «Цёткі, у машыну!» Як жа, гавару, у машыну, калі вунь мая хатка родненькая... Вунь, рукой дацягнуцца можна. «Нічога не ведаем!» I мы не ведалі, што ваду піць нельга, есці нельга. А пілі і елі. Каб хто ж хоць слова якое? I радзіва нічога. Перамрэм так калі-небудзь усе, калі будзем праўду баяцца самім сабе сказаць. Адпусцілі, злітаваліся. Дакументы ўзяць дазволілі. А мы — вядома ж, бабы! — награблі ўсяго як панесці. I адзенне ў клунках, і сала, і варэнне — хто што... Усё павыкідвалі. А мо і правільна? Як вы думаеце? Толькі ўсё роўна шкада, хоць і правільна. А перад тым як па нас прыехаць, дзяцей пазабіралі. 3 Толікам павалтузілася. Уцёк у лес. Я шукаць, а ён пад дрэвам сядзіць, шчукар малы, хлімкае. «Не паеду, мне тут добра». Хлебчыка яму лусту даю — не бярэ: малы-малы, а гонару хапае. За руку цягну, ужо і да аўтобуса падвяла, глядзь — няма! На гэты раз з прыбіральні выцягнула за каўнер. А як дзяцей адправіла, устала заўтра, села і плачу, слёзейкі цурком бягуць. Галасіць хочацца. Ложкі ж пустыя стаяць, як дамавіны. Ціха ў хаце. Забылася і бульбу, дурная баба, луплю. Потым надавуміла схамянуцца — каму луплю, навошта?