Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 13

Васіль Ткачоў

У Стрэньках — не, скарг няма. Сакратар партыйнай арганізацыі Аляксандр Пятровіч Пусеў задаволены: папаўненне «Кастрычнік» атрымаў добрае, людзі старанныя, не прывычныя да гульбішчаў, першай справай размову завялі аб працы, пацікавіліся, якія перспектывы чакаюць. А вось у іншых месцах даводзілася чуць незадаволенасць кіраўнікоў. «Атрымалі грошай шмат і самі цяпер не асабліва-то гараць жаданнем працаўладкоўвацца. Ёсць работа — добра, няма — таксама пражывём, кішэня пакуль набіта». Не падумайце толькі, што такім паслабленне даюць. Не. Першы час прыглядаліся да перасяленцаў, здольных глядзець на працу скрозь пальцы, цярпелі, а потым і заявілі: хопіць, браткі, так далей не пойдзе, цяпер вы такія ж члены нашай гаспадаркі, як і карэнныя жыхары вёскі і ўсе астатнія вашы таварышы, няма чаго дурманіць, пытаць будзем строга. Падумайце. А то што ж атрымліваецца — кепскі прыклад паказваеце, так нядоўга і разбэсціць нашых людзей. Ды і помніць трэба: вам, значыць, і кароўку, і парсючка, і бульбу, не ў крыўду няхай сказана будзе, а чым адказваеце на такі клопат?

Але, паўтаруся, такіх людзей — лічаныя адзінкі. Хацелася б сказаць — «былі».

«Кастрычнік» папоўніўся на 57 сем'яў з калгаса «Новае жыццё» Хойніцкага і на 4 з саўгаса «Брагінскі» Брагінскага раёнаў. Яшчэ адна вёска, лічыце, улілася ў Стрэнькі, Людзі розных прафесій, здольнасцей, але ўсе яны — патомныя хлебаробы, працавалі раней на зямлі, іх не трэба вучыць з пашанай адносіцца да яе.

Намеснік старшыні райвыканкома Уладзімір Дзямідавіч Касачоў прывёў наступныя факты. На той дзень, калі мне давялося сустрэцца з ім, раён прыняў 439 сем'яў — 1273 чалавекі, сярод іх 177 дзяцей школьнага ўзросту. Пабудавана 353 тыпавыя дамы, некаторыя перасяленцы жылі пакуль што ў вясковых хатах, якія па розных прычынах засталіся без гаспадароў. Спатрэбіліся. Выручылі і яны, з утравелымі дварамі, з забітымі крыж-накрыж вокнамі хаты, шмат чаго пабачыўшыя на сваім вяку і ўжо было спісаныя падчыстую людзьмі. Не прывыкаць ім саграваць чалавека, захінаць яго ад халадоў і дажджоў.