Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 255

Васіль Ткачоў

– Назва няўдалая – “Санітарны дзень”. Людзі думаюць, што ў тэатры і сапраўды санітарны дзень, таму і не ідуць.

МАЦІ

Па тэлевізары паказвалі перадачу пра яе сына, і таму ў хату набіліся суседзі – хоць і ёсць тэлевізары ў кожнага, але разам куды больш цікава паглядзець пра знаёмага чалавека. Гэта ўсё адно як свята нейкае. А ў свята заўсёды хочацца быць разам.

Багата чаго расказвалі і паказвалі пра яе сына. Казалі, што ён і дэпутат добры, і міністр талковы, і нават сямейку паказалі – жонку, дзяцей.

– Як жывыя.

– Унук, Вольга, на цябе падобны, яй-бо. І крошкі падабраў.

– Кватэра дужа багатая. Ці была ты, маладзіца, у іхняй новай кватэры?

– Была, была.

– Цішэй, цішэй, бабы, давайце паслухаем... Мішка... Міхаіл Юр’евіч гаворыць... На нас, на нас глядзіць...

Калі скончылася перадача, людзі пэўны час сядзелі моўчкі. Не хацелі разыходзіцца. Усім ім здавалася, што яны яшчэ знаходзяцца ў гасцях у свайго вядомага на ўсю краіну земляка.

– Малайчына Мішка, – шчыра сказаў сусед Трафім. – Сам жа во выбіўся ў людзі. І машына ж, канешне, у яго ёсць. Службовая. Ёсць, Вольга?

– Цяжка дыхае Мішка, яшчэ горш, чым было. Астма мучыць, – уздыхнула маці і падбіла кашчавай рукой пасмачку сівенькіх валасоў пад белую хустку, якую некалі прывёз ёй у падарунак сын і якую апранае яна толькі з нагоды важнай падзеі, а па шчацэ скацілася вялікая, як гарошына, сляза...

КАША

На Дзень Перамогі прывезлі вайскоўцы на цэнтральную плошчу горада , дзе поўным ходам ішло святкаванне, некалькі катлоў салдацкай кашы, каб байцы, як кажуць, успопомнілі мінулыя дні, а людзі маладзейшыя паспыталі, якая яна ўсё ж на смак, гэтая хвалёная салдацкая каша. А каша была і сапраўды смачная. Кожны, каму даставалася парцуха, хваліў. Сяржант Міхасёнак, што лічыўся ледзь не самым галоўным начальнікам над катламі, быў задаволены не менш, чым і повар Шалабод, які толькі паспяваў чэрпаць варыва і пюхаць у міску.

Сяржант жа тым часам пазнаёміўся з дзяўчатамі, яны стаялі непадалёку, смяяліся, размаўлялі. Потым Міхасёнак падышоў да повара, падаў знак, каб той нахіліўся, і шапнуў на вуха:

– Кладзі меней. Меней кладзі, а то хутка каша кончыцца і давядзецца ў часць ехаць. А я тут і для цябе прыгажуню прыгледзеў, – і ён кіўнуў у бок дзяўчат.

– Зразумела! – засвяціўся твар у повара Шалабода.

Амаль адразу ж пасля сяржанта да повара заглянуў капітан Парахнюк, ён нервова паглядзеў на гадзіннік, зазірнуў у кацёл і сказаў гучна, каб усе чулі:

– Кладзі, радавы Шалабод, пабольш... чэрпай, чэрпай ... каб не падумалі людзі, што мы для іх кашы пашкадавалі!

КРАМНІК

Ягора жонка прызначыла на адказны пост: быць крамнікам. Хоць адукацыя ў яго не гандлёвая, а калгасная, з новай пасадай Ягор спраўляўся адмыслова. Ён зранку сядаў на лаўцы перад кветнікам, даставаў кісет з тытунём і пакуль вярцеў самакрутку, падыходзілі пакупнікі – вядомыя на ўсю вёску і далей яе супервыпівохі: Капялюш, Якут і Смык. Хто-небудзь адзін з іх падаваў Ягору пакамечаныя грошы, той моўчкі шоргаў у хату, мяняў грошы на бутэльку самагону і, паказаўшыся на ганку, выпрамляў твары ў мужчын: дала! А чаму не даць, калі гандаль быў пастаўлены шырока.