Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 254

Васіль Ткачоў

Вельмі пакрыўдзілася Марыя Пятроўна, калі даведалася, як з ёй несправядліва паступілі. Аднак выгляду не паказвала – старалася трымацца горда: на адпачынак дык на адпачынак. Няхай будзе па-вашаму. Жывіце спакойна. Працуйце. Будуйце катэджы і надалей за крадзеныя грошы. Разводзьце гарэмы.

І чытае цяпер Марыя Пятроўна аб’яўку ў мясцовай газетцы: патрабуецца прыбіральшчыца. На яе, значыць, месца. Нешта доўга шукаюць... У той аб’яўцы, дарэчы, не пішуць: пенсіянерам не звяртацца. А пакуль самі супрацоўнікі, даходзяць чуткі да старой, мыюць і падмятаюць. Прыдзірліва, асцярожна падбіраюць новую Марыю Пятроўну – такую, вядома , каб на трыбуну не лезла, а наводзіла парадак, дзе трэба. Ну,ну.

– Бабуля, а за што цябе прагналі з работы? – зноў глядзіць на Марыю Пятроўну унук.

– За язык! – вырываецца ў старой і яна гучна смяецца.

Падтрымлівае смех і ўнук. Ім хораша удвух.

МАЛАДЫЯ

Ці мала з-за чаго маглі пасварыцца маладыя муж і жонка Аленчыкі. Надзьмуліся. Не размаўляюць. А назаўтра ж дамовіліся пайсці ў лес па грыбы. Прачнуліся яны амаль адначасова – спалі ж, вядома, на розных ложках. Пятро паставіў чайнік на пліту, пачаў галіцца. Валянціна таксама моўчкі зрабіла бутэрброды, унесла з кладоўкі боты – дзве пары.

– Чай піць будзеш?– асцярожна спытаў муж.

– Буду,– адказала ціха, асабліва не падкрэсліваючы прымірэння, жонка.

Пілі чай моўчкі. Моўчкі сабраліся ў лес. У дызелі больш глядзелі ў акно.

Неўзабаве лес праглынуў іх абаіх. Першы паклікаў муж:

– Валя-я!

Яна адказала:

– Я тут.

Потым паклікала яна:

– Пеця-я!

А потым толькі і было чуваць: «Валя-я!», «Пеця-я!» Ды так часта, што ўжо і рэдкія грыбнікі пачалі здзіўляцца: чаго гэта яны, як маленькія?

НЯЎДАЛАЯ НАЗВА

Адзін даволі масціты ўкраінскі драматург ніколі раней не пагаджаўся мяняць назвы сваіх п’ес, хоць іншы раз і трэба было. Якую сам прыдумаў – і кропка, дарэмна пераконваць яго. А творы пісаў выдатныя. Іншаму б такому непаслухмянаму драматургу проста адмовілі ў тэатры, а з ім лічыліся: класік. Пакуль, нарэшце, сам не ўцяміў, што незаўсёды трэба быць ганарліўцам, іншы раз усё ж трэба прыслухоўвацца да думкі іншых.

Напісаў ён новую п’есу, прынёс у славуты тэатр. П’есу ўхвалілі, паставілі. Спектакль атрымаўся выдатны, але гледачы наведвалі яго, як гэта ні дзіўна, слаба. Драматург захваляваўся: чаму ж так? Яму адказалі: