Читать «Варона» онлайн - страница 52

Васіль Ткачоў

– А вось тут і сапраўды прашляпіў ты, дзед Грышка! – засмяялася Лізавета.

– Што праўда, тое праўда, – пагадзіўся стары. – Ды хіба ж за маладымі калі паспееш? Налівай!

А калі ўсе напеліся і наскакаліся, а потым зноў селі за стол, то раптам людзі зашапталіся, пачалі перадаваць навіну па ланцужку, адзін аднаму, і калі дайшла яна да дзеда Грышкі, тут ланцужок той не проста абарваўся, а трэснуў з вялікім грукатам. Стары ўстаў, махнуў рукой і строга сказаў:

– Цыц мухам-камарам! Ціха! Ядры вашу!.. У такі дзень хлапец у танкіста з Раісай нарадзіўся, калі наваселле. Цікава-інцярэсна, га? Супадзенне якое, землякі. Наваселле і народзіны. Значыць, шчаслівы будзе хлапец. Вось за гэта і я вып’ю да дна. І не толькі занюхаю. Ну, з Богам, за мальца, за новага жыхара нашай вёскі. – І ён кульнуў пітво ў свой бяззубы рот, аддыхаўся і сказаў: – А я і ведаў, што танкіст нашкодзіць у нас. І тое добра! Карысная шкода!

А я ўспомніў, як Раіса прыйшла да дзядзькі Хвядоса ўлетку, заплакала і адразу ж кінулася яму на шыю: «Прабач мяне, даражэнькі! Прабач, дзядзечка!.. »

Калі разыходзіліся людзі з наваселля, то паабяцалі трохі пазней схадзіць да Раісы ў адведкі, глянуць, на каго падобны хлапец. Хоць дзед Грышка на ўсе сто перакананы, што на танкіста, на каго ж яшчэ – той нідзе свайго шанцу не ўпусціць. У любога на хаду падэшвы адарве.

А Мікіта ўзяў старога за локаць, паказаў на падкову, што вісела над парогам, і гарэзліва ўсміхаючыся, паківаў на яго пальцам:

– Больш без дазволу не бяры, Грышка. Уцяміў? Усе падковы расцягнеш з маёй кузні, не будзе чым узімку і коней каваць. Ногі паламаюць.

– Яшчэ зробіш, – адмахнуўся дзед Грышка. – Былі б наваселлі. Былі б мы. А жалеззя знойдзем. Вунь яго, у полі, колькі!..

І Мікіта не знайшоў, што адказаць старому.

15. І ЗНОЎ НА ПЕЧЫ

Цяпер над печчу была столь. Не параўнаць. Хоць снег, хоць дождж – нічога не страшна. А толькі ляжы ды слухай, як кроплі сякуць па саломе і зрэдку, калі касы дождж, па акну. Дык гэта ўжо можна слухаць, нават прыемна. А калі слухаеш, то марыцца хораша – зусім, як у кніжцы. Хутчэй падрасці б. Ды ў школу ФЗН падацца, дзе, кажуць, не толькі форму даюць, але і кормяць. На токара ці слесара. Хоць не, лепш усё ж на трактарыста.

Едзеш на трактары, як дзядзька Сёмка, а дзеці бягуць услед і гагочуць, нібы гусі: га-га-га-а! Канешне, просяцца, каб падвёз. Але ж куды я вас, малеча, пасаджу, калі ў кабіне месца толькі для мяне аднаго. Як адмерана. Нават Петрык, паглядзіце, не можа ўціснуцца. Так-сяк уладкаваўся. У цеснаце не ў крыўдзе. А як жа мне яго, дружбака, не ўзяць? Ну, гэта ўжо даруйце! А дзед Грышка сарве з галавы тады сваю шапку, махне рукой і скажа ўслед: