Читать «Варона» онлайн - страница 20

Васіль Ткачоў

– Хіба не здагадаўся, чаму Тамаш пачаў сварыцца ў бок свайго двара, Маўру ўзгадаў? Не зразумею цябе, Петрык: да твайго макацёра даходзіць толькі на другія суткі. Калі не на трэція.

– Так, мабыць, – пагадзіўся Петрык і шморгнуў носам.

– Ён жа сына свайго ўспомніў нядобрым словам. Так?

– Так. Чуў.

– А чаму б ён за яго жонку сваю лаяў, калі сын на фронце?

– Правільна: чаму б?

– Не здагадваешся?

– Пачынаю патрохі мікіціць. Значыць, сын Тамашоў, Міцька, не ў арміі...

– І я так думаю, Петрык. Ён недзе ў лесе... А зерне тое змалолі, а хлеб з’елі, канешне ж… Міцьку карміць жа трэба… А можа, і праўда, Тамаш пра зерне нічога не ведае? Можа, тут больш Маў-ра яго вінаватая, га? А Мікіта якраз не таму мехам з меткай і тыц-каў пад нос?

– Адна кодла, – сказаў па-даросламу разважліва Петрык і ту-зануў мяне за рукаў: ён паказаў вачыма на Тамаша, які, раз-пораз аглядаючыся назад, порстка шыбаваў у напрамку да нас... Мы вымушаны былі прыбрацца са сцежкі... Куды ж ён так спяшаецца, шыбуе на злом галавы? Цікавей не прыдумаеш загадкі.

Мы прапусцілі Тамаша наперад, а потым крадком, пераскокваючы ад дрэва да дрэва, пачалі прабірацца за ім. Але нядоўга – неўзабаве стары, таксама з перасцярогай павёўшы галавой па баках, падаў голас:

– Ну, дзе ты тут? – І паклаў на зямлю торбу, у якой, канешне ж, нешта прынёс. – Вылазь. Колькі можна па норах хавацца?

Адкуль вылез Міцька, сын Тамаша, мы так і не прыкмецілі. Бы з-пад зямлі. А можа, з куста неўпрыкмет выпаўз, дзе яго лёжка? Але як бы там ні было, а Міцька стаяў перад бацькам і трымцеў усім целам, нават, падалося, ляскалі зубы:

– Здароў, бацька...

Тамаш не адразу адказаў, спярша змерыў сына з ног да галавы, а тады толькі працэдзіў:

– Ну, здароў.

Міцька насупіўся:

– Што гэта з табой? Чаму ты раней не прыходзіў? Матка бывае, ты – не. А тут днём прыбег?.. Я ж твой сын, твой!..

Бач ты: хаваецца, а яшчэ і незадаволены, яшчэ і бурчыць! Тамаш жа па слова ў кішэню ніколі не лезе, нават на высокіх сходах, а што яму тут адказаць сыну, тым больш такому, які хаваецца ад вайны і людзей, трымціць, бы ліст у вецер. Таму і адказаў, высока за-драўшы галаву:

– Са мной, дзякуй Богу, нічога. Ты спытай лепш, што з табой. У самога сябе спытай. Так, так! Што, маўчыш, язык пракаўтнуў? Герой!

– Спакойна ты можаш размаўляць? – не пераставаў ляскаць зубамі Міцька. – Як бацька з сынам?

– Бацька з сынам... Высока бярэш, бачу. Высока. А ці ёсць у мя-не сын?

Міцька здрыгануўся:

– Што з табой? Ты ж такім не быў!

Тамаш нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў і роспачна махнуў рукой: ай, гавары не гавары!..

А Міцька працягваў:

– Вы з маткай адзіная ў мяне апора. У мяне ж больш нікога няма. Нікога! Разумееш? Пеўня раніцай чую... Пазнаю: наш! Дым з печы іншы раз даплывае – таксама, здагадваюся, наш дым... Эх, бацька, бацька! Я б кожнага пеўня, можа, які ў нашай Сасноўцы спявае, за роднага прыняў. Я, можа, расцалаваў бы яго...

Тамаш пачаў выкладваць з торбы прынесеныя скруткі, у якіх, здагадваліся мы, была ежа. Петрык, бачу, ажно сліну пракаўтнуў. Я варсануў яго ў бок: не заглядвайся на чужое, ці, як казала мая мама, на чужы каравай рот не разявай. Петрык толькі ўздыхнуў – ён, відаць, сёння яшчэ нічога не еў... Менш спаць трэба.