Читать «Варона» онлайн - страница 176

Васіль Ткачоў

– Ну, на сто рублёў раней можна было купіць амаль трыццаць... пачакай... так, так.... Не, правільна: на сто рублёў раней можна было купіць трыццаць бутэлек гарэлкі.

– А колькі гэта? Багата?

– Канешне! То ж–сто рублёў!

– Не разумею.

– Малы яшчэ. Тады вось табе другі прыклад, жэўжык. Запамінай. Ці, унучак, за тыя грошы можна было купіць двесце банак кількі у тамаце. Як? Га?

– Дзядуля, а чаму – гарэлка, а чаму–кількі?

– Дык час жа ідзе, унучак... тавараў шмат розных было і раней... Людзі ж не сядзелі склаўшы рукі, нешта выраблялі. Горы тавараў былі. Горы, унучак!.. То хіба ж запомніш усе?..

СЛУЖБОВЫЯ СПРАВЫ

Дырэктар прадпрыемства па рамонту і эксплуатацыі каструль і чайнікаў Піражкоў успомніў, што яго падначалены Ціханчык у камандзіроўцы, і вырашыў пагаварыць з ім пра службоыя справы.

— Ты дзе, Ціханчык? Усё яшчэ у сталіцы?

— Так-так, – затуляючы мабільнік далоняю, прыглушана адказаў Ціханчык. – Ну а дзе ж мне быць, шаноўны Сцяпан Пятровіч? Планы роднага калектыву – на першым плане. Таму штурмую калідоры ўлады, бяру вышыні… Не хвалюйцеся за мяне, таварыш дырэктар, заданне, намечанае на камандзіроўку, будзе выканана і перавыканана… Без заказаў не застанемся… Нашы каструлі і чайнікі зоймуць дастойнае месца ў імпарце...

— Хвалю, хвалю, – Піражкоў быў задаволены. – Што і як там у крамах – бяруць нашу прадукцыю?

— Хапаюць. Хапаюць, Сцяпан Пятровіч. На свае вочы бачыў. Я толькі вось з адной такой крамы выйшаў. Стаяў і фіксаваў, таму і настрой – чуеце ж? – выдатны.

— Чую, чую. Малачына, Ціханчык!

— Служу роднаму прадпрыемству!

– Падкрэсліваю твой патрыятызм. Ну, а як у вас надвор’е там?

— Сонечна, цёпла, – адказаў падначалены.

— І ў нас такое ж, – кіўнуў нябачнаму Ціханчыку Піражкоў і выцер ўзмакрэлы лоб насоўкай.

— А чаму вы так ціха размаўляеце, Сцяпан Пятровіч? – пацікавіўся нарэшце падначалены.

Піражкоў кашлянуў у кулак, паглядзеў па баках, і затуліўшы мабільнік далоняй, прашаптаў:

— Ды службовая машына зламалася, на тралейбусе еду з працы… Людзей жа, сам разумееш, у такі час колькі ў салоне. Што селядцоў у бочцы. Ледзь упіхнуўся. Ну, добра, Ціханчык, вырашай свае справы да канца і вяртайся. Поспехаў!

— І вам таксама, Сцяпан Пятровіч!...

— А прыедзеш, выпішам табе прэмію за старанне, – паабяцаў Піражкоў.

Аднак Ціханчык не паспеў адказаць дырэктару, бо тралейбус спыніўся, пачалася штурхатня і ён ніяк не мог паднесці мабільнік да вуха.

На прыпынку Піражкоў праціснуўся з тралейбуса, каб ступіць на брук, ў пярэднія дзверы, Ціханчык – у заднія. Тут яны і сустрэліся. Абодва доўга лыпалі вачыма і пэўныя час нічога не маглі зразумець. А калі нарэшце ачомаліся, прыйшлі ў сябе, то па прапанове дырэктара пра службовыя справы было вырашана пагаманіць і заўтра. У ягоным кабінеце.

НЕДАСТУПНЫ

Міхась Кудзелькін надрукаваў учора свой першы верш у газеце. Чатыры радкі. З партрэтам і прадмовай дацэнта кафедры мясцовага універсітэта. Так цяпер модна. Ура, адным словам, Кудзелькіну. Каб меўся аркестр, і ён бы грымнуў “туш”. Успомнілі пра тое, што верш надрукаваў Кудзелькін і яго былыя аднакурснікі Хвастоў і Сёмкін, калі выпадкова ўбачылі Кудзелькіна на супрацьлеглым баку гуллівай гарадской вуліцы.