Читать «Варона» онлайн - страница 175

Васіль Ткачоў

…Гадзіны праз тры на той жа адрас зноў паступіў выклік «хуткай дапамогі». Калі ў дзвярах паказаўся доктар з чамаданчыкам, яго сустрэла ўжо жанчына.

- Ну, што там у вас?

- З мужам кепска. Сэрца схапіла. Раней ніколі такога не было з ім. І што б магло здарыцца? Няўжо, старасць?..

Доктар усміхнуўся ў свае рэдзенькія вусікі і загадаў сваім памочнікам прынесці насілкі…

Цяпер у Міхасёнка наступіла, відаць, і на самай справе доўгая, доўгая паўза…

БАРАДА

У брыгадзе ўсяго адзін барадаты – Цярэнчык. Не хлопец ужо, а салідны мужчына: мае двух сыноў. Але чамусьці ягоная барада не дужа вабіла вочы сяброў-будаўнікоў. Аднаго разу нехта з іх сказаў Цярэнчыку:

– Прадай бараду, Аляксей.

Той выталапіў вочы:

– Каму... прадаць? І... навошта?

– Нам, брыгадзе, прадай. А навошта? То хай будзе...

Загулі і хлопцы: прадавай бараду, Цярэнчык, і не аднеквайся.

Цярэнчык доўна муляўся, круціўся-вярцеўся, але з барадой развітвацца не збіраўся. Аднак хлопцы ўсё ж даціснулі яго.

– Добра, грошы ў шапку,– пагадзіўся Цярэнчык. – Так і быць: угаварылі. За тры тысячы аддаю.

Назаўтра Цярэнчык прыйшоў на працу... з барадой і паклаў на стол грошы.

– Не, не магу без барады,– сказаў прыглушаным голасам.–Разбірайце грошы.

Аднак браць назад грошы хлопцы не спяшаліся, а пачалі сарамаціць Цярэнчыка:

– Эх, ты! Вось, аказваецца, якое тваё слова!..

– А яшчэ ў грудзі сябе ляпаў!..

– І з кім працуем, хлопцы?! З балбатуном!

Цярэнчык нехаця згроб назад грошы са стала.

Назаўтра ён прытупаў на работу без барады. Але гісторыя нам тым не закончылася. Праз два месяцы Цярэнчык адгадаваў зноў бараду і запрасіў за яе ў брыгады ўдвая больш: на ўсё ж растуць цэны. Толькі на гэты раз хлопцы не праявілі да барады ніякай цікаўнасці. Так, чаго не ўбачыш, гэты Цярэнчык увойдзе ў смак, разважалі, пэўна, яны, і будзе рабіць на сваёй барадзе бізнес.

Пара ставіць кропку.

РАДАСЦЬ

Дадому стары Зюлеў вярнуўся надзвычай узрушаны і ўсхваляваны. Свяціўся, бы лямпачка. Хуценька скінуў плашчык, павесіў на цвік капялюш, а потым перавёў позірк на жонку, якая выйшла нарэшце яму насустрач з залы.

– Цікава, чаму такі радасны?– апярэдзіў кабету стары Зюлеў.

Жонка шчыра прызналася:

– Ты не памыліўся.

– Адгадай. Што, слабо?

– Паспрабую. Прэмію ветэранам выдалі, можа, як удзельнікам вайны?

– А вось і не! А вось і не!

– Кашалёк з грашыма знайшоў?

– Дробязі! Думай лепш, думай лепш!

Але жонка, колькі не называла прычыны радасці старэнькага свайго Зюлева, ніяк не магла патрапіць, што гаворыцца, у яблычка. Здаўся сам дзядуля.

– Мне месца сёння ў тралейбусе ўступілі!– пляснуў ён у аладкі.–Падзея! Запомні гэты дзень. Запішы дзе-небудзь... Будзем святкаваць. А ты–прэмію, кашалёк... Пазвані сыну, абрадуй і яго. Суседзям скажы. Няхай і яны парадуюцца...

РАСТЛУМАЧЫЎ

–Дзядуля, мне сказала бабуля, што раней сто рублеў былі вялікія грошы. Не тое, што цяпер.

Дзед з унукам ідуць па горадзе.

– Бабуля не хлусіць.

– А я не ўяўляю, якія гэта былі грошы. Ты мне не растлумачыш?