Читать «Варона» онлайн - страница 174

Васіль Ткачоў

– Нікуды не тэлефануй, дзядуля. Гэта...я... пажартаваў.

– Твае, значыць, выхадкі?

– Ага...

Бабуля п'е валяр’янку.

– Вось гэта падняў ты нас з бабуляй на ногі дык падняў, жартаўнік малы! – усё ж усміхаецца дзядуля, а заадно выцірае пот насоўкай на твары.– Такога перапалоху нарабіў! Ну, і якое ж табе пакаранне за гэта параіш вынесці? Чаму маўчыш?

– Да чаго тэхніка, а!.. – усміхаецца на ўвесь рот Арцёмка.

І кладзе на стол дзядулеў мабільнік.

ПАЎЗА

Стас Міхасёнак , сам таго не жадаючы, вядома ж, стаў ахвярай кахання. А ўсё пачыналася так хораша! Жонка патэлефанавала, што затрымаецца на дачы, прыедзе апошнім аўтобусам. Чым не момант? Пакуль яна там з пустазеллем змагаецца і галубіць агурочкі і памідорчыкі, ён, Міхасёнак, можа прыгалубіць і нешта больш вартае… Ну, напрыклад, Кацьку, якая сама набіваецца ў каханкі – так мляўка іншы раз пацягваецца перад Міхасёнкам і стрыжэ яго вачыма, што адразу пра грэх думаецца. Праходу, адным словам, не дае. Вось і тэлефончык свой падсунула. Хатні. А чаму і не пазваніць? Паўзу можна запоўніць. Ці будзе лепшы выпадак?

Кацька адгукнулася адразу, нібы толькі і чакала гэтага моманту:

- Калі? Дзе? Зразумела! Буду!..

Міхасёнак, захоўваючы асцярожнасць і пільнасць, правёў Кацьку ў кватэру, выставіў на стол бутэльку віна, паставіў закусь. Выпілі, закусілі. Усё ішло пакуль па сцэнарыі. Але Кацька раптам пасунулася з табурэта на падлогу, і некалі ліслівых вочак не было бачна: спіць. Спіць, значыць, Кацька? Ну, паспі… Але ж колькі можна? Ужо гадзіна мінула, мабыць. А Кацька спіць сабе, толькі носікам высвіствае і прымна ўсміхаецца – ажно ямачкі выкругліліся на шчоках. Міхасёнак не на жарт захваляваўся. Чаго не ўбачыш, і жонка заявіцца, а што ж рабіць з ёй, каханкай? І тармасіў яе, і ляпаў па шчоках: дарэмна. Міхасёнак хадзіў па хаце, месца сабе не знаходзіў. Вось гэта дык запоўніў паўзу! Што ж, што ж рабіць? Як быць? Зусім разгубіўся. І раптам усё ж нагарнулася на яго выратавальная думка – выклікаць «хуткую». «Не меў бы галавы!» - пахваліў ён сам сябе. Дрыжачымі пальцамі набраў нумар. Хоць тут пашэнціла: не занята. Паабяцалі прыехаць. О, хвіліны! Як яны марудна цягнуцца! «Хуткая» прыбыла хвілін на пятнаццаць-дваццаць раней, чым павінна з’явіцца жонка.

- Што там у вас? – паказаўся ў дзвярах мужчына ў белым халаціку і з чамаданчыкам.

Міхасёнак адразу плюхнуўся на калені:

– - Доктар, ратуй! – узмаліўся ён. - Але чамаданчык не расчыняй. Лекі не спатрэбяцца. Пакуль – гэта дакладна. Бачыце на канапе жанчыну? Зрабіце ўсё, каб яе не было тут! Вось-вось жонка з’явіцца! Любыя грошы плачу!..

Доктар усміхнуўся ў рэдзенькія вусікі і даў каманду сваім памочнікам прынесці насілкі, а Міхасёнку заўважыў:

- А калі б не я прыехаў, а жанчына?

- Тады б мне быў канец.

Неўзабаве Кацьку панеслі на насілках, пасля нашатыру яе пацягнула на песні, а шчаслівы Міхасёнак трос руку доктару:

- Во дзякуй вам! Во дзякуй! І грошы ж вазьміце…

Доктар адхіліў руку з грашыма, зноў усміхнуўся ў свае вусікі:

- Бывае… Піць віно трэба апасля, зрабіўшы справу. Абмываць, так бы мовіць, яе. А вы ўсё наадварот робіце. Добра, што яшчэ і ты побач не заснуў. Быў бы жонцы падарунак!..