Читать «Варона» онлайн - страница 14

Васіль Ткачоў

Варка злосна прытупнула нагой:

– Ды суціхні ты!

Тамаш жа быццам і супакоіўся, але працягваў чмыхаць:

– Дзе ўзяў, дзе ўзяў... А ты б, Ліза, таксама магла б... ты баба ядроная... ты б вось гэтым вертанула... і не тое займела б... хі-хі-і!

Ад цёткі Лізаветы Тамаш атрымаў у каршэнь і ўвабраў галаву ў плечы. Бабка Антося паглядзела на яго, махнула рукой:

– Ён зараз скажа, што ў яго і дошкі, і цвікі былі яшчэ да вайны.

Козыраў жа папрасіў цішыні. Яму трэба было сказаць, што ў блі-жэйшы час дзяржава будзе дапамагаць пайкамі. Растлумачыў:

– Кілаграмаў па восем на сям’ю – яшчэ не вырашылі дакладна па колькі – плануем выдзяляць мукі...

– На ўсіх? – папытала Варка.

– Не, таварышы. На ўсіх – не. Старым паможам, удовам салдацкім, у якіх дзеці на руках... Вось. На ўсіх – не, не атрымліваецца.

Тамаш напомніў пра сябе:

– Паможаце... Цікава, што ж гэта за дапамога? Па восем кіло мукі дасцё, а па чатыры бязмены мяса – забяраце. Дзе ж справядлівасць тутацькі? За што кроў... ета самае... лілі?

Райкомавец строга паглядзеў на Тамаша, твар у яго зрабіўся чырвоны, бы памідорына, і гучна сказаў:

– Справядлівасць дзе? За што кроў лілі? А як ты яе, справядлівасць, разумееш? Як?

Тамаш крыху здрэйфіў, але стараўся трымацца горда:

– Дай пароўну ўсім – вось... яна самая і ёсць. А калі бярэш, скажам, чаго больш, то і мукі адсып паболі...

– А хто табе, дзед, павінен даць, адсыпаць? Каго ты маеш на ўвазе? – не пакідаў у спакоі Тамаша райкомавец.

– Цябе. Уладу.

Бабка Антося прашамкала бяззубым ротам:

– Можа і праўду Тамаш кажа, а?

Усе зрабілі выгляд, што яе не пачулі. А Козыраў гаварыў далей:

– Мяне? А чаму не сябе? Эх, браткі! Ды няма ж у мяне яе, торбы такой, з якой мог бы дастаць я і мяса, і зерне, і працягнуць усё гэта вам: бярыце, людзі! Няма... Пакуль няма. Але ж не забывайце, што мы пад ружжом яшчэ ходзім, хоць і ціха ў нас. Мы ж яшчэ ваюем, цяжкія баі вядзём яшчэ. Ці хутка мо на нас цішыня падзейнічала, ад вайны адгарадзіла?

– Што вы Тамаша слухаеце! – заступіўся за райкомаўца Хвядос.

– Правільна! – падаў голас і Мікіта. – Лес даюць – трэба будавацца. Не лапцем жа нам боршч сёрбаць! А то ж!..

– Дзе ж лапцяў тых набярэшся, калі наш Іван рашыў у іх усю Еўропу абуць! – быццам бы сур’ёзна сказала Лізавета, але грымнуў смех – сказанае знянацку ўсім спадабалася: трапна!

А тым часам Варка войкнула, быццам нечага напалохалася, затуліла твар далоняй, адступіла колькі крокаў назад і прамовіла, глытаючы словы:

– Ой!.. Ідзе... салдат ідзе!..

І ўсе павярнулі галовы на дарогу.

– Ці не з нашых хто? – бліжэй да Варкі стала Лізавета.

– На Сцяпана падобны... – углядаўся ўдалеч і дзядзька Хвядос.

Раіса не ўтрымалася, кумельгам кінулася наперад, але адразу ж спахапілася, апамяталася і спынілася, часта затрэсла галавой:

– Не... не... не-е...

– Не ён... – змрочна прамовіў і Хвядос.

Варка пацёрла дрыготкімі пальцамі шчаку:

– Вярнуўся... Адваяваўся нехта...

Лізавета ж глянула на райкомаўца: