Читать «Варона» онлайн - страница 15

Васіль Ткачоў

– А можа, і зусім вайна скончылася? А мы сядзім тут!.. А, райкомавец?

Райкомавец паспеў толькі хлюпнуць носам – не было яму калі баіць з жанчынай: перад ім, роўна ж як і перад усімі сасноўцамі, стаяў салдат. Быў ён у пілотцы, гімнасцёрцы і надта запыленых ботах. Я адразу ж убачыў аўтамат у яго за плячыма, які амаль нябачным вочкам цаляў у зямлю. Гляджу, і Петрык уперыў вочы на зброю. Такая рэч і ў нас ёсць. Вось каму б маглі аддаць аўтамат, дык гэта салдату.Толькі навошта яму? Наўрад ці возьме. З двух ствалоў адразу па нем-цах паліць не будзеш. А салдат часта ківаў людзям у знак пры-вітання – ад хуткага кроку і хвалявання не мог, падалося, гаварыць на ўсе грудзі. Зазіраў у вочы людзям, быццам некага шукаў. Але, відаць, не мог знайсці таго чалавека сярод нас. І тады ён загаварыў страстна і таропка:

– Землячкі! Добры дзень, землячкі!

– Добры, добры дзень табе, саколік! – бабка Антося была тут як тут.

– Вярнуўся... – зноў прамовіла тое ж самае Варка.

– Барчан не сустракалі? – глядзеў на нас салдат, чакаў адказу. – Барчанскі я, Міхаіла Гарбачэнкі сын. Га, людзі? Ну што ж вы маўчыцё? Маці маю, Мар’ю Паўлаўну, павінны знаць. Настаўніцай яна была. Га? Дзетак жа вашых вучыла. – Салдат раптам паклаў сваюцяжкую далонь мне на галаву, і я ледзь не прысеў – уго! – і спытаў-ся: – Брацікаў маіх не бачыў? Ваську і Мішу? Шыбку ў школе Васька з рагаткі разбіў... у пятым класе. Помніш? Мішка на два годзікі маладзейшы... Людзі! Што ж гэта вы маўчыцё? Праездам я. На фронт едзем... У камандзіра адпрасіўся, пакуль хлопцы паабедаюць... Якраз прывал. Не сустракалі нікога з нашых?

Людзі маўчалі. І мы з Петрыкам – таксама. Хоць пра ўсё добра ведалі... Салдат жа не зводзіў з нас вачэй і, цяжка дыхаючы, гаварыў:

– Была вёска – і няма... Забег, а там – бярвенні абгарэлыя, попел, вуголле чорнае... І печы стаяць... Па бярозцы, што пад акном пасадзіў, толькі і пазнаў хату... Дык што ж гэта? Што ж гэта, людзі? Нікога не бачылі, значыць... Нікога... А дзе ж яны павінны быць? А, людзі?

Першым знайшоўся райкомавец, ён паглядзеў на салдата і ціха прамовіў:

– У памяці нашай, салдат... У памяці...

Давячыся камяком у горле, Мікіта стараўся не сустракацца вачыма з салдатам:

– У свіран усіх... перад адступленнем... Згарэлі твае землякі, хлопец... Вось як... Ага...

Мужчыны, бы па камандзе, знялі картузы.

– Што-о-о?! – салдат нейкімі шклянымі вачыма каторы раз паглядзеў у той бок, дзе была некалі ягоная вёска. – Барчане згарэлі? Яны ж – жалезныя!.. Яны не згараць! Што вы гаворыце такое? Не згараць! Не згараць яны! Не-е-е-е!

І ён, нічога больш не сказаўшы, пабег не ў той бок, адкуль узяўся, а – наперад. Па дарозе сустрэўся яму дзед Грышка, той здзёр з галавы сваю аблезлую шапку, саступіў яму дарогу і адбіў паклон. А потым стары перахрысціўся і папраставаў да нас... Але што спазніўся ён сёння, дык спазніўся: мала таго, што не паслухаў райкомаўца, дык той і цяпер мусіў абыйсціся без дзеда, бо сказаў:

– Камуністаў прашу застацца...

Засталіся дзядзька Хвядос і Мікіта. А які ж камуніст дзед Грышка? Усяродку ён, магчыма, такім і будзе, але чым дакажаш? Пакажы дакумент. А яго якраз і няма. Таму ён толькі хацеў нешта сказаць, а тады пакрактаў, роспачна махнуў рукой і пашлёгаў назад дахаты: маўляў, разбірайцеся тут самі…