Читать «Варона» онлайн - страница 12

Васіль Ткачоў

– Я вось і кажу тут Хвядосу: багатыя вы яшчэ. Вось, вось яно, ваша багацце, ваш заўтрашні дзень.

Як заўсёды, бліжэй да госця прадзёрся Тамаш, спытаў у Хвядоса быццам ціха, але пачулі ўсе:

– З райкома, гаворыш?

Дзядзька Хвядос кіўнуў: ага.

Пакуль дарослыя разбіраліся, хто адкуль, Петрык памацаў у Ко-зырава кабуру, а тады мне шапнуў:

– Ёсць... Сапраўдны.

А Тамаш тым часам павярнуўся тварам да Козырава, гаварыў яму, а сам, схіліўшы галаву на бок, задаволена паглядаў на землякоў:

– Ты, чалавек, калі ўладу прадстаўляеш, давай... давай, гавару, слова выкладвай дзяржаўнае. А хлапцы хоць і багацце, ды самі не шыбка багатыя... Пад штанамі лыткі, а на іх – латкі! Х-хі!

Дарослыя пачалі расказваць райкомаўцу пра нас, пра наша сірочае жыццё, ажно зрабілася няёмка... І добра, што Козыраў супакоіў іх:

– Нічога, нічога... Мала я ведаю сёння шчаслівых людзей... Хаця і шчаслівыя мы, калі падумаць. Вельмі шчаслівыя. Перамога зусім блізка, а вораг да нас ужо ніколі не вернецца!

Лізавета паглядзела на госця, уздыхнула:

– А я, прызнаюся, кожнай ранічкай у той бок трывожна паглядаю, куды яго турнулі: ці не ідзе зноў? Няма... і так добра на душы... так лёгка...

– Ой, не кажы, Ліза! – цяжка ўздыхнула бабка Антося. – І ў маіх жа пячонках супастат сядзіць, век бы яму дзёгаць есці!

– А чым калёсы мазаць будзем? – пажартаваў Мікіта.

Райкомавец жа, не звярнуўшы ўвагі на гэты жарт, паабяцаў зноў, што вораг больш не вернецца, што назад фашыстам дарогі няма. Тамаш, як заўсёды, не пагадзіўся:

– Цвёрда гаворыш?

Райкомаўцу давялося нагадаць, што неўзабаве ўся тэрыторыя Беларусі будзе вызвалена ад нечысці і нашы салдаты пяройдуць граніцу.

– Так што, дарагія мае, вось-вось і зусім скончыцца вайна. Ужо, бачыце, і пошту пачалі вам прыносіць. Жывіце, працуйце спакойна.

– Як працаваць-та? Усё папалілі, парасцягалі... – махнула рукой Варка і адвярнулася ад райкомаўца, а тады зноў падняла на яго галаву: – Як?!

А Тамаш нагадаў, што адна кабыла ўсяго і засталася – багата на ёй не напрацуеш. Бабка Антося ўсміхнулася:

– І тая мая равесніца.

– Пагэтаму, таварыш, выкладвай, як жыць... – не мог уціхамірыц-ца Тамаш. – Паведамі, як там жывуць людзі, дзе мы не бачым... А то ў нас тут ні газетаў, ні радзіваў... Як на ненаселеным востраве... Га?

На кожным сходзе так выбягае наперад стары Тамаш, заўсёды ён задае ўсім самыя дасціпныя пытанні, а тады водзіць галавой па баках: ну, як, землякі, я праўду гавару ці не? Мы з Петрыкам любім тады быць каля дарослых: цікава ж Тамаша паслухаць! Ну-ну, давай, падсыпай перцу райкомаўцу, дзядзька! Ці вывернецца ён? Хто каго? Райкомавец жа крэкнуў, паглядзеў амаль як не на кожнага з нашых вяскоўцаў, а тады пачаў гаварыць:

– Грамадзяне! Таварышы! Як гэта добра, што вы сабраліся. Што ж мне вам сказаць? Багата я, даруйце, не скажу. Але ж час зараз у нас такі настаў, калі за новае жыццё трэба брацца, не чакаючы з мора надвор’я. Учора яшчэ ноч была, доўгая і цёмная, а сёння, самі бачыце, дзень настаў... Ціхі, спакойны дзень.