Читать «Варона» онлайн - страница 10

Васіль Ткачоў

– У нас суп з фасолі... Яшчэ смачней, чым што.

А дзядзьку Хвядосу не было калі і падслухоўваць таго Петрыка – ён ужо глядзеў на незнаёмага чалавека ў доўгім – ледзь не да са-мых пят – плашчы і ў новай кепцы-васьміклінцы, які моўчкі і задужа ўважліва разглядваў усё, што траплялася яму на папялішчы. Нарэшце пачаў выцягваць з-пад абгарэлых бёрнаў кола ад возу. Не атрымлівалася – перашкаджаў плашч, тады незнаёмец зняў яго, паклаў на печ, краем звесіўшы долу. Дзядзька Хвядос выглянуў з-за печы. Убачыўшы яго, незнаёмец павітаўся:

– Шчасця вам у хату!

– Дзякуй, – крыху неяк сарамліва адказаў дзядзька. – Дзякуй. З прыцэлам, бачу, наперад глядзіце. А то якая ж у мяне хата? Так вось... печ адна... З ёй і трымаемся.

Незнаёмец нарэшце ўпэўніўся, што кола нікуды не вартае, адстаў ад яго і падышоў бліжэй да гаспадара, глядзеў таму ў вочы, настырна і доўга, быццам спрабаваў прыгадаць, дзе ж ён бачыў Хвядоса, дзе сустракаліся. Не прыгадаў. Таму сказаў коратка, але пераканаўча:

– Печ ёсць – лічыце, і хата ёсць.

– Ды яно быццам і так, канешне... – пагадзіўся, але ўсяго напалову, дзядзька Хвядос. – А вы, калі не вялікі сакрэт, кім будзеце?

Чалавек той адказаў не адразу. Спярша выгледзеў паблізу ад сябе бярозавы цурбачок, а ўжо сядаючы на яго, прамовіў:

– Настаўнік я. Да вайны дзяцей вучыў. У школцы. А цяпер ад райкома партыі.

Яны пазнаёміліся – назвалі сябе.

Затым Хвядос перапытаў:

– Ад... ад райкома, кажаце?! – І нацягнуў на галаву пілотку, якую схапіў на каптурку. – Ну-ну. Добра гэта.

– Вадой не пачастуеце мяне?

Дзядзька Хвядос заспяшаўся:

– Зараз. Мы гэта зараз. Чаго-чаго, а вады хапае.

Ён знік і неўзабаве вярнуўся з поўным – да беражкоў – карцом, падаў Козыраву: так назваўся госць. Той са смакам выпіў, крэкнуўі зноў вярнуўся да ранейшай размовы:

– Цяжкавата, праўда: дзе пехам, дзе хто падвязе, але ў кожнай вёсцы трэба пабываць. Дабраўся і да Сасноўкі. Адзіны транспарт пакуль у нас – уласныя ногі. Хоць да мяне часта быў тут, ведаю, Сяргей Васільевіч Кавалёў… старшыня райвыканкома.

– Вядома, вядома, – трос галавой дзядзька Хвядос.

А Козыраў працягваў:

– Памёр Сяргей Васільевіч… інфаркт зваліў чалавека, а з выгляду моцны быў. Вось так. Ну, дык што тут у вас засталося пасля немцаў? Прыйшоў узгадніць тое-сёе.

– А што засталося? – дзядзька Хвядос паказаў рукой на папялішча. – Вось усё, што засталося, перад вамі... як на далоні. Не ўсе, дзякаваць Богу, хаты згарэлі… А той канец вёскі, што бліжэй да лесу, – цалкам, ага… Адны галавешкі – такія ж чорныя, як і жыццё людское. Прабачце, можа што не так сказаў...

Так ці не так, але як на наш з Петрыкам розум, дык і правільна. Няма чаго нос задзіраць, калі парткі дзіравыя. Пагадзіўся з дзядзькам Хвядосам і важны райкомаўскі госць, але выгляду не падаў, а толькі сказаў, што ў нашай Сасноўцы і сапраўды хоць там-сям хаткі віднеюцца, а ёсць жа вёскі... І ён махнуў рукой некуды ў бок, уздыхнуў: