Читать «Варона» онлайн - страница 9

Васіль Ткачоў

Двор апусцеў. Толькі гармонік ляжаў на лаўцы. А што, калі раптам?.. Я не бачыў, дзе Раіса, дзе танкіст: не палезеш жа тым на вочы. Але каб танкіст не нарабіў якіх-небудзь глупстваў, я вокамгненна аказаўся каля гармоніка, узвалок яго на калені і пачаў рыпаць. На ўсю моц. Так я і дам табе, танкіст, быць з Раісай за пуняй. Не атрымаецца. Хоць ты і заслужаны баец і гарэў у танку.

А Раіса паказалася зусім з іншага боку, глядзела на мяне з Петрыкам і ўсміхалася. Значыць, у яе ўсё добра.

Пакуль не было відаць жаніха, мы ціхенечка падаліся са двара...

3. ВАЖНЫ ГОСЦЬ

Трывожна шуміць Дзянісаў бор. Тут наша схованка. У глыбокай яміне, якую самі выкапалі па чарзе адной рыдлёўкай, пад шыгаллем ляжыць зброя. Хто ж ведаў, што мы не паспеем яе нават выкарыс-таць? Рыхтаваліся да бою, а як жа! «Трымайцеся, фрыцы!» Спярша ў схованцы былі толькі дзве вінтоўкі, аўтамат і наган, а пазней Петрык прыцягнуў нават варожы кулямёт і скрынку патронаў: партызаны так прыціснулі немцаў на ўзлеску агнём, што тыя, драпаючы, пагублялі не толькі зброю, а і вузлы з нарабаваным у людзей. Уяўляю, як шуравалі яны! Канешне ж, пыл курэў! Без аглядкі!

Ранкам мы з Петрыкам пабеглі ў Дзянісаў бор, засунулі пад шы-галле рукі: на месцы зброя, на месцы. Фу-у! Ды і куды яна магла падзецца? Хто ведае, акрамя саміх нас, што яна тут? Аднак пакуль самі не пераканаліся – было трывожна: жывыя ж людзі, не карчы ба-лотныя якія-небудзь. Петрык з сумам заўважыў:

– Ну, і што будзем рабіць з гэтымі стваламі?

Я не ведаў, што яму адказаць. А і праўда: што рабіць з нашай зброяй, якая, пэўна ж, сваё ўжо адваявала? Як адваяваліся, падобна на тое, і мы. Мы яшчэ раз пабедавалі, што, мусіць, больш не спатрэбіцца нам зброя, і моўчкі падаліся ў вёску. Настрой – горш не прыдумаеш: пра нашы геройскія ўчынкі і ўспамінаць не хацелася. Ды і якая і каму карысць ад таго, што ты ўспомніш? Толькі ворагам, можа, гэта і на руку. Але дзе ж яны, тыя ворагі? Па якіх дарогах бягуць-уцякаюць? І што нам да іх рук? Каля печы дарос-лыя казалі, быццам пасля таго, як вызваліла наша армія Сасноўку, яна пагнала немцаў далей на захад, а дзе той захад – пра гэта трэба будзе распытаць калі-небудзь у дзядзькі Хвядоса.

Яшчэ здалёк мы і ўбачылі якраз яго. Дзядзька Хвядос, прыгорбле-ны, стаяў на двары каля печы, абапёршыся на вілачнік і пра нешта думаў. Пачуўшы нашы крокі, падняў галаву, усміхнуўся:

– А, гэта вы, жэўжыкі! Дзе ж вы ходзіце столькі часу? Я ўжо і думаць пачаў пра кепскае. Ну, ды нічога, нічога: з’явіліся – і на тым дзякуй. Прагаладаліся?

Пытаецца! Але Петрык раптам апусціў галаву, сказаў:

– Мы елі...

Дзе? Што? Калі? Во хлус дык хлус. Хоць я разумею Петрыка: пачне зараз частаваць абедам дзядзька Хвядос, а ён адразу ж пачырванее, засаромеецца. Нібы дзяўчынка. Толькі што з таго – голад не цётка, есці хочацца, як ні круці-вярці, а мне неяк дык і ўсё роўна, хто накорміць – ці дзядзька, ці цётка. Хоць, вядома ж, потым трэба будзе пастарацца, каб нечым аддзячыць, бо, як сказаў вясковы грамацей дзед Грышка, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. А дзед ведае, што гаворыць. Петрык жа хуценька разабраўся ў сітуацыі – варта было яму зірнуць толькі раз на мой кіслы твар – і ціха, каб не пачуў дзядзька, шапнуў мне: