Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 97

Васіль Ткачоў

– Канечне, трэба! – Юраська ажно зрабіў крок наперад да млынара, нібы збіраўся бегчы да сасны проста зараз.

Узрадаваўся першаму заданню і Паўлік:

– Абавязкова! Я панясу! У мяне кішэнь глыбокая, не вываліцца!

Юраська паказаў свае кішэні – вывернуў, і аказалася, што ў яго яшчэ глыбейшыя, асабліва на правай калашыне, дзе ён носіць, калі косіць, брусок. А дзед Нупрэй не звяртаў на тыя кішэні ўвагі, гадаў, што з сябе будзе ўяўляць той гарнізон.

– Што сёння для нас сакрэт, заўтра не будзе, – цвёрда казаў ён. – А мо і зусім перастрэнуць партызаны немчуру ды намуляць ёй бакі, патрасуць, як воўк авечку, дадуць у каршэнь? Каб знаццё, як той казаў, што ў кума піццё,– стары ўсміхнуўся куточкамі вуснаў, глянуў на Лявона Кончыка: той адказаў яму цёплай усмешкай,– дык пабег бы... Пажартаваў, хопіць. Бліжэй да справы. Сядай-ка, хто з вас байчэйшы, на маё месца...

Млынар узняўся, нырнуў у цёмны кут, дзе ўзяў яшчэ адзін ліхтар «лятучы кажан», запаліў яго, а Юраську, які сядзеў ужо насупраць Лявона Кончыка, падаў аловак і маленькі квадрацік паперы.

– Трымай, браце. Прыбярог. У гаспадарцы, не дарэмна ж кажуць, усё калі-небудзь спатрэбіцца. І да Лявона: – Памагай, кум, падказвай, што пісаць. Тры галавы добра, а чатыры яшчэ лепш.

Лявон варухнуўся на табурэце, крэкнуў:

– Толькі надта многа не пішыце. І старайцеся так шкрабаць, каб супастат не адразу даўмеўся, што да чаго, калі і трапіць яму цыдулка.

– А як бы ты сам напісаў? – паглядзеў на кума Нупрэй.

– Я? Ды проста... Намячаецца размяшчэнне ў Хатоўні нямецкага гарнізона. І кропка. Ага, мабыць, трэба дадаць: надоўга, бо штаб робяць. Пакарацей. Менш слоў – больш справы. Што вы, хлопцы, думаеце на гэты конт?

Вытыркнуўся наперад Паўлік:

– А тое, што ворагу запіска ніколі не трапіць. Так мы і аддадзім яе!

– Адкуль ён можа пра нашу схованку даведацца? – здзівіўся Юраська.

Яшчэ трохі паспрачаліся, як і што пісаць, а потым Юраська вывеў на тым квадраціку паперы ўсяго некалькі слоў: «Неўзабаве намячаецца раз-мяшчэнне ў Хатоўні варожага гарнізона. Па распа-раджэнню паліцая В. Х. Ката мужчыны рамантуюць кантору праўлення калгаса пад штаб. Чакаем указанняў».

– Было б добра, каб пад гэтым тэкстам нейкае слова паставіць, – паглядзеў на дарослых Паўлік.

– І мне так здаецца, – падтрымаў яго Юраська.

– Га, дзед Нупрэй? А вы, дзядзька Лявон, што скажаце?

– Гэта што яшчэ за подпіс такі? – не зразумеў намеру хлапчукоў млынар.

– Яны хочуць, Нупрэй, баявое імя сабе прыдумаць,– здагадаўся Лявон Кончык. – Ці не так, мальцы?

– Вядома! – засвяціўся твар у Паўліка.

– Ціха! – гыркнуў па Паўліка дзед Нупрэй. – Кажы больш панятліва. Тут табе не прахвесары. Што? Для чаго? А то прыдумаем які ляпсус, што людзей насмяшым. І сам чорт нічога не разбярэ...

– Вось і добра,– заступіўся за сябрука Юраська. – Няхай і не разбярэ. Няхай і немец галаву паламае...

Аднак млынар не прыняў прапановы хлапчукоў паставіць нейкі подпіс унізе, патлумачыў: