Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 96

Васіль Ткачоў

– Наш дзень настаў, малеча. Толькі пра вас пагаманілі, а вы тут як тут. Што значыць – лёгкія на ўспамін. Скажы, кум?

Лявон Кончык уцягнуў у рот шмат паветра, кіўнуў: было.

– Гаманілі? Пра нас? – не паверыў Паўлік. – Жартуеце? Што пра нас можна гаманіць? У вас, мусіць, і без нас клопату багата.

– Таму і ўспомнілі, што клопату багата, – пагадзіўся млынар. – Адным нам яго не адужаць. Зваліўся гэты клопат на нашы з вамі галовы, забрыкай яго каза, што снег улетку. І думай цяпер, кумекай, як пазбавіцца ад яго. Справа, браткі, важная, адказная дужа яна... Не думайце, што давяраем вам яе не падумаўшы, наскокам. Не. Раіліся, і доўга. Помніце сваё «чэснае піянерскае»?

– Карацей гавары, Нупрэй! – нецярпліва папрак-нуў таго Лявон Кончык. – Не муку ж мелеш. То важная справа. Хлеб таму што. А гаварыць можна і карацей...

Дзед Нупрэй пагадзіўся:

– Заўвагу прымаю. З Аляксеем Касцючэнкам у мяне дамова была. Калі што – паведамляць яму. Якім чынам, карціць ведаць? Не раблю тайны, бо цяпер вы не проста хлопцы басаногія і хатаўнянскія басурманы, а партызанскія сувязныя, і мы на вас ускладваем вялікія, прама скажу, планы. Як на верных памагатых. Цяпер мы без вас – як вятрак мой без ветру... Слухайце сюды, хлопцы... За Жавіннікам, дзе бярэ дарога на Каменку, стаяць тры сасны. Старыя, касматыя, з траха голымі каранямі. Вядома, на ўзвышшы, вецер ліжа з усіх бакоў...

– Як стары костку, – падказаў Лявон Кончык і ўсміхнуўся сам сабе.

Відаць, успомніў пра вячэру.

– Бачылі? – папытаў пра сосны дзед Нупрэй.

– Паўз іх на луг ездзілі, – кіўнуў Юраська.

Паўлік таксама сказаў паўшэптам:

– Тыя сосны сёстрамі называюць.

– Ведаеце, значыць, – палагаднеў твар у старога. – Гэта ўжо добра. Аблегчваеце нашу задачу. Да чагоу я пра сосны? З сённяшняга дня, ці вечара – так дакладней будзе – для вас існуе адна сасна, сярэдняя. Не забывайце. Сярэдняя. Па маёй дамове з партызанамі, менавіта яна будзе служыць схованкай. Тайніком. Ёсць у тым дрэве не надта глыбокае дупло, мая рука пальцамі па дне шкрабе. Ад зямлі дупло тое невысока, акурат па вашаму росту, дацягнецеся. Сёння альбо заўтра раніцай трэба пакласці туды першае наша паведамленне. Пажадана, каб прыцемкам. Ноч ёсць ноч – яна схавае і прытуліць, што матка родная. – Нупрэй прыслухаўся. – Лічу, што трэба паставіць нашых у яснасць, што чакаецца ў Хатоўні раскватараванне варожага гарнізона. Не ведаю, багата ў тым гарнізоне будзе салдатаў ці не, але адчуваю, што напрэцца іх сюды, як рыбы ў нераст у нашу Гутлянку з поймы. Ведаць пра гэта партызанам трэба ў абавязковым парадку. Я так лічу. Лявон мяне падтрымлівае. Для чаго ж тады дупло выбіраў і вас чакаў, хлопцы, га?