Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 81

Васіль Ткачоў

Юраська, вядома ж, і сам – ну, калі маці так хочацца! – хацеў быць падобным да дзеда. Хоць трошкі. А калі і не трошкі, дык што, кепска? Нібы вавёрка тая гойсаў ён звычайна па самых высокіх дрэвах, што раслі ў вёсцы і за вёскай – усюды: пакажыце, на якое ён не ўзлазіў! А ў Харытонаў вірок – хто яшчэ смялей за яго мог скокнуць з берага? Нават у паветры перакуліцца, як той акрабат. Малеча толькі ўздыхне ад зайдрасці: эх, самім бы так!

Аднак жа цяпер дрэвы і Харытонаў вірок адыйшлі неяк самі па сабе, забыліся, бо насунулася наперад, нібы бяльмо на вока, гэтая варожая саранча, што прынесла з сабою вайну і гора, а таму маці нават не абрадавалася курам, якіх прынёс Юраська.

– Сынку мой... – уздыхнула яна, паглядзела на яго так пакутліва, працята, што хлопчык не вытры-маў, адвярнуўся. – Што ж рабіць будзем? Як жыць?

Юраська падышоў да маці, прытуліўся.

– Не бядуй, мама. Тата ў крыўду нас не дасць. Бачыла, колькі мужчын на вайну пайшло?

– Бачыла.

– З адной нашай Хатоўні толькі...

– Але ж хіба татка наш зможа забіць каго? Ён жа птушачку не пакрыўдзіў ніколі, не тое, каб чалавека...

– Немцы – ворагі, не птушачкі. Зможа.

– Калі толькі...

– А з другіх вёсак, гарадоў? Збяры ўсіх салдат разам... Уго-о, атрымаецца!.. А ты што, мама, думаеш, гадаў гэтых, ну, фашыстаў, багата? Не. Паглядзі, я табе зараз пакажу... Сама ўбачыш...

Юраська нырнуў пад ложак, пакорпаўся ў драўлянай скрыні – туды ён хаваў падручнікі і сшыткі, усе свае небагатыя школьныя прылады – і неўзабаве паказаўся з акрайчыкам нейкай паперы. Сказаў маці:

– Карта.

– Карта?

– Паглядзі, – хлопчык разгарнуў карту, паднёс бліжэй да маці. – Ну, дзівіся. Вось яна, Германія. Што, вялікая, скажаш? То-та. А вось гэта наша зямля. Хапае вачэй?

– Хапае.

– Ажно да акіяна. І вось тут, дзе жоўценька, – наша... і тут... і тут.. Куды ёй, Германіі... У кароткіх штанцах, х-хі!

Маці быццам і сапраўды крыху супакоілася, твар палагаднеў, яна перастала прамакаць раз-пораз хусткай слёзы ў вачах, пагладзіла сына па віхра-стай галаве. І сказала:

– Няхай бы так, як кажаш, і было, – толькі цяпер, здаецца, яна ўбачыла курэй, што ляжалі на падлозе. – Аксіння, кажаш, дала. З чаго б яна так падабрэла? Мо што ў лесе здохла?

Юраська прамаўчаў.

– Але добра, што яна так зрабіла, – працягвала маці, – па-суседску трэба выручаць адзін аднаго... А ты, сынок, будзь асцярожны, беражы сябе. Каб мне не думалася трасцы рознай. Больш хаты трымайся.

– Ты за мяне не хвалюйся.

– А за каго ж, за каго мне хваляцца?

– Паглядзі, што вакол робіцца... Вайна ж.

– Глядзі ў мяне, ваяка! – маці прыгразіла пальцам. – А то папругай вучыць буду. Ды і што я бацьку скажу, калі з табой нешта здарыцца? Як у вочы пагляджу?

Юраська больш нічога не сказаў маці, развязаў курэй і аднёс іх у хляўчук – каб прывыкалі да новага месца. А сам падумаў: «У нас ім будзе не горш, чым у цёткі!»

3. ДЗЕД НУПРЭЙ – НЕ ХЛУС...

Дзед Нупрэй сядзеў на вымуленым камяні, які здавён ляжыць непадалёку ад ветранога млына – ветрака – і майстраваў непаслухмянымі пальцамі самакрутку, а яго ж абступілі такія ж дзяды, як і сам Нупрэй, і дзяліліся навінамі, як і тым тытунём.