Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 130

Васіль Ткачоў

– Ты... ты... што гэта, Юрка? – замахала на хлапчука рукамі Аксіння. – Барані божа! Нічога я не бачыла. Яны разбірацца доўга не будуць, а абодвух пад стрэльбу – і памінай, чым звалі. Во як! Не-е! Мяне сюды не прычысляй! Нічога, нічога я не бачыла. Я ж і праўдацькі нічога не бачыла. Пастой! Прытармазі! Злезу я, Юрка. Едзь адзін. Ці чуеш ты мяне?

Юраська сцебануў па спіне Авадня лейчынай, і той пабег яшчэ шпарчэй.

– Сядзі ўжо, цётка. Што будзе, тое будзе! Нэ-э!

– Ой, людзі-і-і! – залямантавала Аксіння і пакацілася з санак на снег.

А конь бег і бег...

Быццам падпільноўваў Юраську, высунуўся з-за вугла паліцай Вітух. Авадзень спыніўся, фыркнуў яму гарачым парам з абедзвюх ноздраў.

– Ужо? – здзівіўся паліцай.

– Не давёз, – уздыхнуў хлапчук. – Партызаны забралі...

– Што-о-о? – такім Вітуха Юраська ніколі не бачыў, нават на млыне, калі не хацеў малоць зерне дзед Нупрэй.

Паліцай штурхануў хлапчука на санкі, выхапіў з яго рук лейцы і пагнаў Авадня да камендатуры. А куды ж яшчэ? Юраська не паспеў нават спалохацца. Хацелася толькі спярша паказацца на ветраку, а потым ехаць і на даклад паліцаю. Атрымалася наадварот.

– Нэ, быдла! – хвастаў бобік Авадня лейцамі, наматаўшы іх на руку. – Вязі хутчэй, кажу! – І да Юраські, не паварочваючы галавы: – Ты ў нас паглядзіш зараз! Партызаны забра-а-лі! Нешта раней не забіралі! Сам ці не партызан саплівы! Нэ-э!..

19. РАССТРЭЛ

Вітух нарабіў ляманту на ўсю вёску. Даляцеў ён і да ветрака. Млынар пашкроб за вухам, ціха прамовіў:

– Выручаць трэба Юрку. Чаго сядзім? Бліжэй да камендатуры давайце прабірацца. Гародамі.

І першым накіраваўся да дзвярэй.

Пачуў, відаць, крык паліцая і сам камендант. Стаяў ён на ганку і загадкава пазіраў на Вітуха, які адзічэла размахваў лейцамі над узмакрэлай спіной каня. Камендант паглядзеў на афіцэраў і салдат, якія стаялі крыху паводдаль ад яго, ззаду, мармытаў на ломанай рускай мове сабе пад нос:

– Інтэрэсно, інтэрэсно...

Перад ганкам паліцай нацягнуў лейчыну, ажно прыгнуўся, згорбіўся, і Авадзень крута развярнуў сані.

– Тыр-р-р! – Вітух саскочыў з санак, казырнуў. – Хлеб – цю-цю! Няма! У яго, разумееце, парты-заны адабралі! Ні ў каго не адбіралі, а ў яго – зацапалі.

Камендант падышоў бліжэй да Юраські, стаў так, быццам збіраўся штурхануць жыватом хлапчука.

– Праўда гаварыт? – спытаўся, свідруючы вачамі Юраську.

Юраська моўчкі кіўнуў: праўда, забралі. Камендант ударыў рукавіцамі па твары хлапчука, крыкнуў:

– Прызнавайся, сам отвез ілі абманываеш, хітрыш? Ну, гавары, я цебя слюшаю...

Юраська ўспомніў пра запіску, што даў яму ў лесе дзядзька Іван і палез у кішэню за ёй як за сваім выратаваннем, пакуль адзіным, вядомым яму выратаваннем. Дзе ж яна, запіска? Ён апусціў руку глыбей, намацаў паперку і хуценька працягнуў каменданту:

– Вось. Цэтлік далі, каб вы...

Камендант прачытаў запіску, на яго твар набегла здзеклівая ўсмешка, затым ён перадаў паперку праз свае плячо назад, дзе яе адразу перахапіў Вітух, прыставіў да вока, чытаў і ківаў галавой: маўляў, ага, зразумела, яны і не тое могуць напісаць за столькі мяшкоў, не палянуюцца.