Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 128

Васіль Ткачоў

... Авадзень нырнуў у лясок. Тут было зацішней, дарога менш замецена снегам, чым у полі, толькі ў вершалінах дрэў шалёна гуў вецер і наганяў трывогу і сум.

Юраська развязаў матузкі на аблавушцы, бо не будзе ж ён паказвацца партызанам у такім выглядзе. Яшчэ не палічаць за дарослага, а яму надта ж хацелася хоць на адну галаву быць вышэй, чым ёсць. Ды і так, з развязанымі матузкамі, лепш чуваць, што робіцца навакол. А то яшчэ, чаго добрага, і размінешся. Толькі як гэта размінешся з партызанамі, калі яны самі, пэўна ж, ужо чакаюць хлеб, выглядваюць, канешне ж, раз-пораз з-за дрэў на дарогу: ці не едзе?

Вунь і масток. Вусцішна. Нікога не бачна. Толькі па-ранейшаму гудзе ў соснах і ялінах вецер, скуголіць.

«Можа не перадаў ім дзядзька Іван, – пачаў хвалявацца ўсё больш і больш Юраська. – Мо не дабраўся да атрада, на якую-небудзь засаду напароўся? Ці мала ж іх, бобікаў, развялося?»

З Іванам Даўгалыгім Юраська пазнаёміўся асабіста два дні назад, ён прыходзіў у Жавіннік, там і сустракаліся. Дзед Нупрэй звазіў яго тады на сустрэчу з ім, прадставіў, як і належыць:

– Гэта наш сувязны Юрка Ганчарок!

Партызан моцна паціснуў руку яму, сказаў:

– Рады пазнаёміцца. Хоць цябе, браток, я ведаў. Па тваіх добрых справах. Перадавай прывітанне і сябрам. Вы ў камандзіравым спісу ёсць. Сам бачыў.

Яму тады хацелася выцягнуцца перад дзядзькам Іванам навыцяжку. Але ён пасаромеўся – як сядзеў на зэдліку, так і працягваў. Хоць і трэба, відаць, было. А сам думаў: «Няўжо ён праўду кажа? Няўжо не хлусіць? Нават у спісах камандзіра, самога Касцючэнкі, мы ёсць, значыць? Што цяпер бобік Вітух скажа!»

Авадзень портска мясіў капытамі мяккі снег, ступіў ужо і на масток, хоць цяпер, узімку, яго не адразу ўбачыш: замяло снегам. Але ж Юраська добра ведаў, дзе ён, гэты непрыкметны масток, лясны, нізенькі, без балясаў. Хлапчук неаднойчы сядзеў на ім, звесіўшы ногі, і назіраў, як грэліся на сонейку рыбкі-маляўкі. Цераз яго ён ехаў апошні раз з татам у той нядзельны дзень, калі пачалася вайна.

Дзе ж партызаны? Чаму не відаць? І што тады рабіць з хлебам? Не везці ж яго на пякарню! Куды заўгодна, толькі не туды!

Юраська нацягнуў лейцы, конь паслухмяна стаў. І раптам:

– К-хе, к-хе!

З лесу выйшаў дзядзька Іван. Нарэшце!

– Здарова, Юрка! – павітаўся ён. – Не замёрз?

– Не, мяне так апрануў дзед Нупрэй, што пара ідзе!

– Ну, ну, не жартуй з марозам. Пар ідзе. Хлопцы, выходзьце! Юрка з хлебам прыехаў!

– Ды бачым, бачым...

Да Юраські і Івана Даўгалыгага падышлі яшчэ два партызаны, зусім маладыя хлопцы, і адзін з іх узяў Авадня за вуздэчка і павёў у гушчар.

– Прадзярэмся, не такія перашкоды бралі! – весела баіў партызан, які вёў каня. – Нэ-э!

А дзядзька Іван распытваў пра дзеда Нупрэя, хваліў яго за смеласць і кемлівасць:

– Малайчына гэты дзед. Усім дзядам дзед.

Мяхі перакінулі хлопцы-партызаны на двое санак.

– Дарог няма, прабіваемся па цаліку, – гаварыў дзядзька Іван. – Таму два кані запрэглі. Аднаго можна замардаваць. Няблізкі свет. І добра, што сняжок пайшоў – няхай ён нашы сляды замятае.

Партызаны яшчэ раз падзякавалі за хлеб, а потым Іван дастаў з кішэні паперку і падаў Юраську: