Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 127

Васіль Ткачоў

– Работа ў цябе нервовая, відаць? – крадком зірнуў на паліцая стары. – Недарэмна ж кажуць, што табака нервы ўмацоўвае быццам. То і курыш багата.

Вітух нічога не адказаў, а толькі махнуў на Юраську рукой:

– Едзь, чаго стаіш?!

Авадзень напяўся, сані скрануліся з месца і заслізгалі палазамі па хрусткім снезе. Хоць свістаў сухі вецер, азвярэла і дзіка, востра хвастаў па твары холадам, Юраську было цёпла. Дзед Нупрэй пастараўся: уцяпліў яго ўсім, чым толькі мог. І на ўсялякі выпадак паклаў побач старэнькі кажух: а раптам спатрэбіцца? Пра холад яму ўвогуле не думалася – ён уяўляў, як сустрэнецца з партыза-намі, тыя перакладуць мяхі на свае санкі, а там – на варожай хлебапякарні – няхай чакаюць з мора надвор’я. Дачакаюцца! Не бачыць ім нашага хлеба! «А што ж будзе тады Вітуху? Камендант, мусіць, зачыніць яго ў картэр, у клець цёткі Вавіліхі – і загадае: «Карміць нягодніка адной саломай! Ды яшчэ леташняй! Калі не выканаў заданне! Ты на хлапца не ківай – служыш фюрэру сам, а не ён. Зразумела табе, ёлуп?» – радасна думалася хлапчуку.

Што чакае яго самога – пра гэта Юраська не думаў...

... Да ветрака, як толькі пацёгся адтуль паліцай, адразу ж прыбеглі Паўлік з Сяргейкам. Пра гэтую аперацыю яны ведалі, нават спярша самі прасіліся ў напарнікі да Юраські. Аднак дзед Нупрэй ім усё растлумачыў як след, і яны пагадзіліся, што ўсім нельга ехаць: калі і рызыкаваць, то аднаму, і тым больш Юраську – ён без рукі, і немцы пашкадуюць, калі і разгадаюць махінацыю з мукой.

Пазней падышоў і Лявон Кончык.

– Як там, цікава мне, Юрка? – парушыў нарэшце гнятлівае маўчанне дзед Нупрэй, твар яго зрабіўся сумным. Было б чаму весяліцца. Чакай, гадай, думай... А гэта нялёгкая справа, атрымліваецца.

– Не павінны б Юрку чапаць, – уздыхнуў Лявон Кончык. – Нацярпеўся ён і так, хіба ж не відаць. Рукаў у хлапца пусты.

– І мне, кум, так думаецца...

Паўлік таксама прамовіў з сумам:

– Пасадзяць у клець.

– Калі яго, крый Божа, і сапраўды ў тую у клець Вавіліхі запруць, то мы яго адтуль павінны вызваліць – кроў з носу! – дзед Нупрэй быў надзвычай сур’ёзны. – Іначай грош нам цана тады. Хоць і немцы ж каравуляць тую клець. Аднак нешта прыдумаем. Да ўсяго рыхтавацца трэба.

– А мы таго немца... ух! – Паўлік сціснуў кулачкі, нешта хацеў сказаць такое грознае пра нямецкага вартавога, аднак не ведаў – што.

Яго, праўда, і так зразумелі, на што млынар, усміхнуўшыся праз сілу, запярэчыў:

– Іш вы, жэўжыкі! Грозныя, гляджу, ажно некуды. А са мной вы справіцеся, не кажучы пра немца? Бярыце мяне, што хочаце рабіце. А я буду супраціўляцца. Ці адолееце? – Ён глядзеў на хлапчукоў, якія ўмомант паніклі, пацішэлі. – Так што, мальцы, не трэба харахорыцца дарэмна. Але за жаданне надаваць немцу кухталёў хвалю. У мяне таксама іншы раз рукі свярбяць, хлусіць не буду. Аднак нам лепш за ўсё верыць застаецца, што ўсё з Юркам скончыца добра. На ўсялякі выпадак не разыходзьцеся, можа і на самой справе выручаць яго давядзецца.

Лявон Кончык, які да гэтага маўчаў, пагадзіўся, што разыходзіцца не трэба:

– А там што Бог дасць.