Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 125

Васіль Ткачоў

17. «МЫ ВАМ ПАМОЖАМ...»

У Вольгі Якаўлеўны быў з самага ранку кепскі настрой. Хіба ж не бачна? Чаго толькі вучні не перадумалі. Мо захварэла, мо нядужыцца, то адпачыла б, а яны, бач ты, гатовы нават самі вучыць урокі. Ці мо з фронту пісьмо ад мужа, дзядзькі Мікалая, кепскае прыйшло? Хоць наўрад – які салдат напіша з вайны кепскае пісьмо? І што там можа быць кепскім? Пруць, пруць фрыцаў! Дык гэта ж кожнаму вядома, па радыё казалі, а яшчэ больш ведаюць пра гэта вясковыя мужчыны, пра што і гамоняць, калі збіраюцца каля валуна, што непадалёк ад ветрака і бакі ў якога вымулены ватнікамі дзеда Нупрэя.

Аднак шыла ў мяху не схаваеш, і неўзабаве ўсе ведалі, чаму ў настаўніцы кепскі настрой: яна згубіла грошы, якія сабралі вяскоўцы, каб адправіць на фронт. Калі па праўдзе, то шыла тое ніхто і не збіраўся хаваць... Настаўніца сама прызналася:

– Бяда, дзеці. Не ведаю, як і быць. Толькі нікому пакуль не гаварыце. Дамовіліся? Можа яшчэ і знойдуцца грошы. Не будзем лямант узнімаць. Не скрозь жа зямлю яны маглі праваліцца. Па вуліцы ішла калі, то былі... а потым і не стала скрутка. І як ён так выслізнуў, што і не пачула? Вось дзіўна што. Можа немцы і падабралі...

– Тыя не аддадуць! – сказаў, як адсек, Паўлік. – Тым усё мала! У-ух!.. Абжоры!

А Юраська паабяцаў:

– Мы вам паможам, Вольга Якаўлеўна. Не можа быць, каб у нашай Хатоўні грошы згубіліся – і бясследна.

– Паможам! – паабяцалі і астатнія вучні.

І, не папытаўшы дазволу ў настаўніцы, пабеглі шукаць скрутак з грашыма. Вольга Якаўлеўна засталася ў класе, ці ў сваёй хаце, адна. Спярша разгубілася, хацела папытаць наўздагон: «Дык куды ж вы?», аднак зразумела, што дзятву не спыніць ужо, і села на табурэт, цяжка ўздыхнула: усё ж грошы прапалі, ды не свае, а сабраныя землякамі. Сітуацыя.

Дзеці разбегліся па вёсцы – кінуліся шукаць грошы, бы ў спёку ў рэчку. З галавой. Юраська заглянуў да Лявона Кончыка, расказаў пра ўсё яму. Выслухаўшы , той спытаў:

– А што ж рабіць параіш?

– Шукаць. Як – што?

– І каб нашы людзі знайшлі ды не вярнулі? – пашкроб за вухам Лявон Кончык. – У такое мне мала верыцца.

– І мне.

– Залямзіў жа нехта! Трэба выручаць настаўніцу.

– Ну, я пабег далей... – Юраська толькі наважыўся ўзяцца за клямку на дзвярэх, калі ў хату ўляцеў, бы апараны, Паўлік.

– Чулі? – адразу ж свідраваў вачыма ён то Лявона Кончыка, то Юраську. – Ягорыха кажа, што сама бачыла, як падняла нешта на дарозе Аксіння... яшчэ па баках паглядзела, ці не сочыць хто, запіхнула тое, што знайшла, сабе пад куфайку і пайшла па вуліцы роўненька, не аглядаючыся, бы несла на галаве шклянку з вадой і баялася разліць.

– З Аксінняй такое можа быць, – пагадзіўся Лявон Кончык. – Давайце да яе разам сходзім. Калі грошы ў яе, то вам яна не аддасці. Будзе кусацца і плявацца. Жанчына яна з рознымі фокусамі.

Так і зрабілі. Перад дзвярыма спыніліся. Лявон Кончык паляпаў. Маўчок. Зноў паляпаў і гучна папрасіў:

– Адчыняй, Аксіння! Прымай дэлегацыю! Чуеш?

Аднак Аксіння не падавала прыкмет жыцця.

– А можа яе дома няма? – засумняваўся Юраська.

– Атрымліваецца, што так, – пагадзіўся Лявон Кончык.