Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 18

Міхась Чарняўскі

Таксама i ў рыбацтве ў параўнанні з папярэдняй эпохай асаблівых якасных змен не адбылося. Рыбу лавілі вудамі, сеткамі, плеценымі з дубцоў або лучынак пасткамі, білі яе гарпунамі. Праўда, самі прылады лоўлі ўдасканаліліся. Рыбацкія касцяныя кручкі набылі тонкія зазубіны i сталі падобнымі на металічныя, з'явіліся медныя кручкі. Зазубні на некаторых касцяных гарпунах падаўжэлі. Даўжэйшымі i шырэйшымі сталі i сеткі. Ужыванне шліфаваных каменных i асабліва бронзавых дрэваапрацоўчых інструментаў дазволіла рабіць лепшыя i больш устойлівыя чаўны, a ў выніку гэтага сталі даступнымі для старажытных рыбакоў любыя глыбіні.

Раскопваючы рэшткі жылля на тарфянікавых стаянках, часам жахаешся таму бруду, які акружаў у старажытнасці чалавека. Падлога літаральна завалена смеццем, абгрызенымі i пашчапанымі косткамі, шалупінамі арэхаў, жалудоў, рыбінай луской. Складваецца ўражанне, што жыллё прыбіралі вельмі рэдка.

Пра тое, што чалавек бронзавага веку, як i яго продак веку каменнага, працягваў займацца збіральніцтвам, а таксама шырока выкарыстоўваў у сваім побыце арганічныя рэчывы з навакольнага асяроддзя, мы ведаем пераважна са знаходак на такіх вось «засмечаных» стаянках.

Значнае месца ў харчаванні старажытных людзей займалі жалуды. Ды яшчэ i ў нядаўні час жыхары Еўропы галоднымі гадамі дамешвалі жалудовую муку ў хлеб, як i тоўчаную хваёвую i бярозавую кару, У некаторых частках Паўночнай Еўропы жалудовая мука ўжывалася для выпечкі хлеба ажно да XIX стагоддзя i была ва ўсе сярэднія вякі шырока вядома як дабаўка да аржаной мукі. Жалуды па сваіх спажыўных якасцях не ўступалі ячменю. Напрыклад, кілаграм ячменю ўтрымлівае 65 грамаў бялку i 18 грамаў тлушчу, a сухія ачышчаныя жалуды — адпаведна 45 i 40 грамаў.

Шырока ўжываліся ў ежу i іншыя дзікарослыя расліны i ix часткі — грыбы, ягады, карані, лісце. У культурных пластах тарфянікавых стаянак Беларусі сустракаецца асабліва шмат шалупін лясных i вадзяных арэхаў. Вадзяныя арэхі, напрыклад, нават у Старажытным Егіпце лічыліся ласункам.

Ужываўся ў харч i мёд. У Даніі ў адным з пахаванняў на сценках знойдзенай берасцянай пасудзіны меліся рэшткі мёду, дамешанага ў журавінавае віно. Воск у бронзавым веку ўжываўся ў бронзаліцейнай справе. Сведчанняў, што чалавек гэтага часу наўмысна разводзіў пчол, няма. Мусіць, на першым часе хапала мёду i воску i ад дзікіх лясных пчол.

Неабходная чалавечаму арганізму соль паступала з мясам. Там, дзе гэта было можна, чалавек бронзавага веку стараўся соль здабыць з зямлі або мора. Так, ва ўсходніх Альпах знойдзены познебронзавыя солездабываючыя шахты. На берагах мораў соль выпарвалі.

Нашымі продкамі шырока скарыстоўвалася кара дрэў. Лістамі бяросты накрываліся стрэхі жылля, высцілалася падлога, з яе рабілася рознае начынне, ёю, нарэшце, носьбіты некаторых культураў (сярэднедняпроўскай) высцілалі дно магільных ям, у якіх хавалі сваіх нябожчыкаў-суродзічаў. З той жа бярозавай кары здабывалі клеепадобны дзёгаць, якім замазваліся трэшчыны на гліняных гаршках, шчыліны ў берасцяным посудзе, замацоўвалі ў драўляных i касцяных дзяржальнах каменныя прылады. Ca скручаных берасцяных стужак рабілі паплаўкі для сетак. Добрыя непатапляльныя паплаўкі атрымліваліся i з хваёвай кары. Часта скарыстоўвалася i кара іншых парод дрэў, у прыватнасці ліпы.