Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 17

Міхась Чарняўскі

Наскальныя малюнкі бронзавага веку ў Швецыі паказваюць сохі, запрэжаныя парамі валоў. Сляды ворыва накрыж выявіліся пад насыпамі некаторых курганоў Цэнтральнай Еўропы. Ёсць меркаванні, што яшчэ ў сярэднебронзавы перыяд на Паўночнай Украіне плуг ужо быў вядомы. На тэрыторыі Беларусі самы старажытны знойдзены драўляны плуг-рала адносіцца да ранняга жалезнага веку. Таму, мусіць, паўсюдна ў нас у бронзавым веку глебу апрацоўвалі ручнымі прыладамі. Хіба толькі дзе на Палессі, i то ў самым канцы эпохі, маглі ўжывацца i вупражныя ворныя прыстасаванні.

Земляробства, асабліва ў малалеснай вобласці, дзе не заўсёды ўдавалася ўгнойваць глебу попелам ад спаленых дрэў i хмызняку, паступова збядняла зямлю i вымушала людзей часта перасяляцца ў іншыя месцы ў пошуках новых урадлівых участкаў. Заняткі жывёлагадоўляй давалі магчымасць назапашваць гной i скарыстоўваць яго для агародаў i палёў. Гэта спрыяла большай прывязанасці чалавека да «наседжаных» месц.

Ураджай збожжавых культур збіраўся крамянёвымі сярпамі розных тыпаў. Найбольш прымітыўнымі сярпамі былі касцяныя i драўляныя з пазамі, у якія ўстаўляліся крамянёвыя ножападобныя пласцінкі, утвараючыя зубчатае рэжучае лязо самога сярпа. Пазней з'явіліся масіўныя крамянёвыя сярпы выгнутай формы. Сустракаліся i сярпы бронзавыя. Вымалачанае зерне размолвалася на зерняцёрках.

Яшчэ ў неаліце былі прыручаны амаль усе вядомыя сёння хатнія жывёлы. У бронзавым веку жывёлагадоўля існавала паўсюдна. На кожнай стаянцы, дзе былі ўмовы для захавання арганічных рэчываў, у вялікай колькасці сустракаюцца косткі свойскіх кароў, коней, свіней, авечак i коз. А вось курэй i іншых свойскіх птушак нашы продкі ў бронзавым веку яшчэ не ведалі.

У цёплыя месяцы не было цяжкасці з пашай. Зімой жа жывёлу кармілі назапашаным лісцем, тонкім галлём, сушанай травой, саломай. Пры неглыбокім снезе статак выганялі ў лес на падножны корм. З-за цяжкасцей у нарыхтоўцы корму на зіму (касіць жа не ўмелі), можна думаць, што шырока практыкавалася асенняе заколванне i зарэз жывёлы. Тым больш, што мяса зімой магло захоўвацца доўга.

Вядома, нашым продкам свойская жывёла была неабходна для мяса. Але ад яе атрымлівалі таксама скуры, воўну, косткі i рогі для розных вырабаў, тлушч для спальвання ў асвятляльных каганцах, сухажыллі для сшывання вопраткі. Вельмі верагодна, што ўжо ў той час ужывалі i малако. Можна меркаваць, што некаторыя гліняныя пасудзіны з адтуліналлі ў сценках служылі для адцэджвання тварагу.

ПАЛЯВАННЕ, РЫБАЦТВА, ЗБІРАЛЬНІЦТВА

У лясах i на балотах, якімі так багата наша зямля, у бронзавым веку было мноства дзічыны, у азёрах i рэках — рыбы. Паколькі земляробства i жывёлагадоўля ў той час яшчэ не маглі задаволіць усе патрэбы ў харчаванні першабытнага чалавека, значную ўвагу ён удзяляў традыцыйным заняткам — паляванню, рыбацтву i збіральніцтву.

Відаць, асноўнай паляўнічай зброяй былі лукі i стрэлы. Для палявання на буйнога звера — тура, зубра, лася, аленя, дзіка — ужываліся таксама дзіды i сякеры. Кінжалы былі дапаможнай паляўнічай зброяй. Пры паляванні скарыстоўвалі i розныя самастрэлы, пасткі, лоўчыя ямы.