Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 16
Міхась Чарняўскі
ЗЕМЛЯРОБСТВА I ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ
У параўнанні з позненеалітычным часам у гаспадарчай дзейнасці чалавека бронзавага веку наступілі прыкметныя змены. Праўда, земляробства i жывёлагадоўля зарадзіліся яшчэ ў канцы каменнага веку, але ў новую эпоху імі пачалі займацца паўсюдна. У земляробстве лясной i лесастэпавай зон, звязаным з высечкай i выпальваннем лесу, апрача ранейшых матык i розных палак-капалак, месцамі пачалі ўжываць запрэжаны валамі плуг. Павялічылася колькасць культурных раслін, расла ix ураджайнасць. Будзённай справай стала i жывёлагадоўля. Новага ўзроўню дасягнула апрацоўка каменных прыладаў i асабліва свідраваных сякераў. У сувязі з ростам попыту на крамянёвыя сякеры, неабходныя для падсечкі, асабліва шырока разгарнулася праца на крэмнездабываючых шахтах.
Яшчэ неалітычнае насельніцтва Цэнтральнай Еўропы вырошчвала некалькі відаў пшаніцы, ячмень i проса. Былі таксама вядомы гарох, лён, чачавіца i морква. З'явіліся першыя сады з яблыневых дрэў. Аднак калі ў неаліце ў Еўропе пераважна сеялася пшаніца, у бронзавым веку на палях першае месца пачаў займаць ячмень. Гэта было звязана з наступіўшым пахаладаннем клімату.
У лясной зоне Усходняй Еўропы, дзе знаходзіцца i сучасная Беларусь, у бронзавым веку былі вядомыя мяккая пшаніца, ячмень, проса, лён, каноплі.
Земляробства бронзавага веку ў сваёй аснове з'яўлялася падсечна-агнявым. Пры гэтым спосабе атрымліваўся не толькi вольны ад лясной i хмызняковай расліннасці ўчастак, прыгодны для сяўбы, але ён адначасова i ўгнойваўся попелам, што давала магчымасць атрымліваць адносна багаты ўраджай. Так, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ва Усходняй Еўропе месцамі атрымлівалі на такіх участках ураджай жыта сам — 50, а то i сам — 80. Недахопам падсечна-агнявой сістэмы было тое, што праз год-два трэба было высякаць i выпальваць новы ўчастак, бо стары спусташаўся. Развіццё падсечнага земляробства прыводзіла да паступовага знікнення лясной расліннасці, асабліва ва ўрадлівых раёнах. Праўда, на нашай тэрыторыі ва ўмовах вільготнага клімату пакінутыя ўчасткі хутка зарасталі маладняком, i таму працэс знішчэння лясоў праходзіў марудна.
Глебу на выпаленых участках лесу рыхлілі рознымі завостранымі каламі-капачамі, каменнымі i рогавымі матыкамі.
Часам выгарышча ўвогуле чалавек не рыхліў. Дастаткова было ўкінуць зярняты ў попел i прыбаранаваць ix якім сукаватым камлём дрэва. Зерне прарастала i давала ўраджай. Саха або плуг сталі неабходныя, калі поле засявалася некалькі разоў. У такім выпадку трэба было дабрацца да ніжэйшых, яшчэ не спустошаных пластоў перагною або прыараць растрэсены на полі гной, а для гэтага ўжо былі неабходныя плуг або саха.
На падставе археалагічных матэрыялаў даказана, што плуг спачатку быў увесь драўляны i ўпершыню пачаў ужывацца ў Егіпце i Месапатаміі яшчэ перад трэцім тысячагоддзем да н. э., некалькі пазней — у Індыі i Грэцыі. У бронзавым веку плуг быў ужо вядомы ў многіх раёнах Еўропы.