Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 20

Міхась Чарняўскі

Моцныя ніткі былі неабходны для сшывання скураной вопраткі, але яны ў асноўным прызначаліся, каб ткаць тканіну.

У Заходняй Беларусі на позненеалітычных стаянках зрэдку сустракаюцца гліняныя чарапкі, аздобленыя выразнымі адбіткамі грубай тканіны. Гэта бясспрэчнае сведчанне ткацтва ўжо ў дадзены час.

Відавочна, што ў бронзавым веку ткацтва развівалася далей i ўдасканальвалася.

Плесці можна з паскаў мяккай сырой кары, з дубцоў, каранёў, нават з вяровак, але з нітак вельмі нязручна, таму для атрымання тканіны існаваў нейкі больш дасканалы метад, чым пляценне. Этнаграфічныя назіранні паказваюць, што першабытныя народы нядаўняга мінулага, якія знаходзіліся прыблізна на ўзроўні нашых жыхароў з бронзавага веку, ужо былі знаёмыя з прымітыўным ткацтвам з дапамогай адпаведнай рамы. З цягам часу рама ўдасканалілася так, што стала магчымым атрымліваць тканіну з рознымі спосабамі перапляцення. Кавалкі такіх тканін археолагі зрэдку знаходзяць на тарфянікавых стаянках.

Тканіна на такіх станках пэўна атрымлівалася нешырокімі стужкамі ў 10-15 см, як, напрыклад, у ткацтве некаторых народаў Афрыкі. Стужкі затым сшываліся. Нітка, верагодна, прасоўвалася касцяной або драўлянай іголкай, a прыбівалася да тканіны тонкімі драўлянымі мечападобнымі дошчачкамі, якія сустракаліся на тарфянікавых стаянках.

Апрача лёну, а таксама канопляў, крапіва здаўна давала чалавеку матэрыял для ткацтва i служыла яму ў гэтай справе вельмі працяглы час. Падарожнікі мінулага часу апісвалі, як крапіву апрацоўвалі на прадзіва некаторыя народы Сібіры i Далёкага Усходу. Напрыклад, насельніцтва, што жыло на берагах ракі Об, яшчэ ў пачатку нашага стагоддзя восенню рвала мноства крапівы, якая ў вялікай колькасці расла навокал паселішчаў, вязала ў снапкі i вешала сушыцца на сцены дамоў, Затым ca сцяблін крапівы, папярэдне змачыўшы ix, здзіралі касцянымі або драўлянымі прыладамі знешнюю абалонку. Абалонка апрацоўвалася ў драўляных мялках, трапалася або мялася паміж далонямі. Атрыманую такім чынам крапіўную кудзелю пралі на драўляных прасніцах. У XVIII ст. жыхары Камчаткі, каб атрымаць ніткі для пляцення сетак, сцябліны крапівы жавалі зубамі i толькі затым здзіралі з ix абалонку вострымі птушынымі костачкамі, a ніткі сукалі рукамі. Але нават сярод цывілізаваных народаў Цэнтральнай Еўропы яшчэ ў нядаўні час высока цанілася надзвычай тонкае палатно з крапівы.

У бронзавым веку было шырока вядома так званае стужкавае пляценне, калі стужка са скуры, кары або плеценая з валакон крапівы ці лёну, згіналася па спіралі i сшывалася. Такім чынам можна было вырабляць самыя розныя пасудзіны. Практыкавалася i пляценне цыновак-матаў. Ёсць археалагічныя сведчанні, што ў канцы бронзавага веку распаўсюдзілася i пляценне з тонкіх лазовых дубцоў.

ГРАМАДСКІ ЛАД. МАЁМАСНАЯ НЯРОЎНАСЦЬ

У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі працягваў існаваць першабытна абшчынны лад, аднак развіццё земляробства i жывёлагадоўлі, пачатак апрацоўкі металаў, далейшае распаўсюджванне абмену выклікалі значныя змены ў грамадскім жыцці, якія выявіліся ў першую чаргу ў складванні i развіцці патрыярхальных адносін у родзе, у парушэнні былой маёмаснай роўнасці, калi ў руках асобных родаў або нават сем'яў канцэнтраваліся багацці.