Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 11
Міхась Чарняўскі
Каменныя сякеры, якія сваёй формай у асноўным нагадваюць крамянёвыя, зрэдку сустракаюцца ўжо на раннебронзавых помніках. У пазнейшы час такія сякеры-кліны ўжываліся паўсюдна i ў вялікай колькасці праз увесь бронзавы век i нават у пачатку жалезнага веку.
Амаль усе каменныя сякеры-кліны маюць крыху звужаны абушок i расшыранае, кругляста выступаючае лязо. У рэдкіх выпадках сустракаюцца экземпляры з прывостранымі абушкамі або, наадварот, з абушкамі, па шырыні роўнымі лязу. У большасці сякеры-кліны маюць злёгку выпуклыя шырокія плашчыні, a вузкія бакавыя плашчыні — плоскія. Сячэнне такіх сякераў нагадвае лінзу з усечанымі краямі. Аднак сустракаюцца экземпляры з папярочнымі авальнымі, лінзападобнымі i нават прамавугольнымі сячэннямі. Вядомы нават i вырабы з шматграннымі паверхнямі. Асобную групу складаюць тоўстыя чаранковыя сякеры з плечыкамі, якія найбольш распаўсюджаны ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі.
Сякеры-кліны, таксама як каменныя малаткі i цяслы, маглі прымацоўвацца да драўлямых дзяржальнаў рознымі спосабамі. Ленінградскі археолаг А. М. Мікляеў, напрыклад, на адной тарфянікавай стаянцы з паўднёвай Пскоўшчыны знайшоў каленчатае драўлянае дзяржальна сякеры з насаджанай, таксама драўлянай муфтай, у якую ўстаўлялася сама сякера.
У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі новым тыпам сякераў сталі каменныя свідраваныя сякеры, зашліфаваныя i нават часам запаліраваныя па ўсёй паверхні. Іx знаходзяць на стаянках i ў пахаваннях, а таксама проста на палях або балотах, на берагах рэк i азёр, дзе яны былі калісьці згублены, I калі разглядаць увогуле ўсе прылады працы бронзавага веку з Беларусі — каменныя, рогавыя, касцяныя, драўляныя,— то найбольшую ўвагу сярод ix звяртаюць на сябе як па дасканаласці апрацоўкі, так i часам па характэрных высокамастацкіх формах, сякеры з прасвідраванымі адтулінамі. На тэрыторыі рэспублікі археолагі зафіксавалі каля 2 тыс. такіх знаходак. A колькі яшчэ ix не ўлічана! Бадай, не знойдзеш такога школьнага краязнаўчага музея або нават кутка, дзе б ні захоўваліся каменныя сякеры, у тым ліку i свідраваныя.
Усе каменныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі, знойдзеныя ў Беларусі, падзяляюцца на некалькі тыпаў.
Сярод ix найбольш клінападобных, у якіх пярэднія i тыльныя вузкія плашчыні прамыя i больш-менш паралельныя. Самі клінападобныя сякеры паміж сабой адрозніваюцца формамі абушкоў — плоскімі, сплошчанымі, прыкругленымі або круглымі. Можна адзначыць i трохвугольныя экземпляры, у якіх найбольшая таўшчыня знаходзіцца на сплошчаным абушку. Але такія знаходкі рэдкія.
Даволі рэдка сустракаюцца сякеры рамбічнай формы або такія ж з усечанай абушковай часткай. Паміж апошнімі i клінападобнымі формамі, асабліва калі ў першых абушковая частка звужаная, часам бывае цяжка вызначыць размежаванне.