Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 13
Міхась Чарняўскі
Вельмі рэдка, але ўсё ж сустракаюцца на помніках бронзавага веку i каменныя молатападобныя прылады з свідраванымі адтулінамі. Прыладамі працы такія рэчы не маглі быць, хутчэй за ўсё гэта былі жэзлы родавых старэйшын або воекачальнікаў, маглі яны быць i ўдарнай зброяй, Асабліва заманліва лічыць жэзламі арнаментаваныя нарэзкамі экземпляры, напрыклад, як той, што быў знойдзены ля вёскі Дружылавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
З каменю вырабляліся i розныя булавы, якія таксама мелі прасвідраваныя адтуліны для дзяржальнаў. Булавы былі шарападобныя, шарападобныя з утульчатай адтулінай, рабрыстыя з паўкруглымі выступамі па чатырох супрацьлеглых баках, крыжападобныя. З Пінска паходзіць масіўная каменная булава, спрэс арнаментаваная зонамі з падоўжных нарэзак, між якімі меліся наразныя крыжыкі. Булавы былі адносна невялікія, у сярэднім 5-6 см у дыяметры, але, улічваючы адсутнасць у бронзавым веку металічных шлемаў, i такая зброя, напэўна, была эфектыўнай. Пэўна, адначасова булавы з'яўляліся i жэзламі, як i ў выпадках з молатападобнай арнаментаванай прыладай з Дружылавіч.
Шліфаванне сякераў, матык i іншых вырабаў адбывалася на паліравальных плітах, часцей пясчанікавых, прамавугольных або авальных, часам i бясформенных. Beрагодна, што на такіх плітах вастрыліся i металічныя прылады.
Для апрацоўкі металічных рэчаў таксама служылі накавальні, якія, у прыватнасці, сустрэты ў раннябронзавых курганах Падняпроўя,
На паселішчах i ў курганах сярэднедняпроўскай культуры часам сустракаюцца каменныя зерняцёркі. Значна больш ix на помніках сярэдняга этапу бронзавага веку — у пахаваннях i асабліва на паселішчах сосніцкай i тшцінецкай культураў.
З каменю таксама вырабляліся грузілы для сетак ліцейныя формы.
КРЭМНЕЗДАБЫВАЮЧЫЯ ШАХТЫ
З палявога, так званага «сухога» крэменю, які сустракаецца на паверхні ў выглядзе камянёў-галек i абломкаў, можна было вырабляць розныя дробныя прылады працы — скрабкі, праколкі, наканечнікі стрэлаў i г. д. А вось каб зрабіць буйныя рубячыя прылады — сякеры i цяслы, такая сыравіна малапрыгодная. Таму, калі з развіццём падсечнага земляробства з'явілася патрэба ў вялікай колькасці сякераў, сталі здабываць з зямной глыбіні «сыры» крэмень, лёгка падатны апрацоўцы. Для гэтага яшчэ ў познім неаліце ў тоўшчы крэменяносных крэйдавых радовішчаў сталі выкопваць шахты глыбінёй да 6-7 м, у якіх з дапамогай падбояў i штрэкаў распрацоўваліся пласты крамянёвых канкрэцый,
Такія шахты вядомы на Гродзеншчыне ў Ваўкавыскім раёне ля населеных пунктаў Краснасельскі, Рось, Карпаўцы. Росквіт крэмнездабываючай справы ў гэтай мясціне адбыўся менавіта ў бронзавым веку, калі разгарнулася масавая высечка лясоў пад палі. Аднак у канцы бронзавага веку пачаўся заняпад распрацовак, a ў пачатку ранняга жалезнага веку, з распаўсюджанвем железных вырабаў, крэмнездабываючыя шахты спынілі сваё існаванне.