Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 10

Міхась Чарняўскі

У сярэднім бронзавым веку з'яўляюцца больш дасканалыя сярпы, сярод якіх асабліва прыкметныя вырабы так званага валынскага тыпу, пераважна распаўсюджаныя на паўночна-заходняй Украіне i на паўднёвым захадзе Беларусі. Гэтыя прылады шырокія i адносна тонкія, з увагнутым лязом i выгнутай спінкай, канцы ix завостраны дзюбападобна, аснова роўна або коса абсечана. Сярпы валынскага тыпу па ўсёй паверхні пакрыты сколамі, a самі рэжучыя краі падрэтушаваны. Большасць такіх вырабаў мае на лёзах участкі запаліраванасці, якія атрымліваліся пры зрэзванні сцяблін каласковых раслін, у дадзеным выпадку — ячменю або пшаніцы,

Сустракаюцца i больш тоўстыя сярпы валынскага тыпу з прасцейшым лязом. Хоць яны i маюць на лёзах заломы спрацаванасці, але не такія, якія атрымліваюцца на жніве. Хутчэй за ўсё гэтымі сярпамі не жалі, а наразалі для свойскай жывёлы галлё або касілі траву. I былі яны не сярпамі, a разакамі.

На Беларускім Палессі вырабляліся i сярпы з вузкіх выгнутых пласцін з завостранымі канцамі.

Шырока распаўсюджаныя ў канцы новага каменнага веку крамянёвыя сякеры ў бронзавым веку амаль заўсёды зашліфоўваліся. Нам вядомы экземпляры самай рознай ступені зашліфоўкі, якія паміж сабой адрозніваюцца па форме. На паселішчах нярэдка сустракаюцца знаходкі, толькі прышліфаваныя на лязе або на лязе i баках. У пахаванні ж клалі значна лепш апрацаваныя сякеры.

Большасць клінападобных крамянёвых сякераў з тэрыторыі Беларусі мае выцягнутую трапецыепадобную форму, у папярочным сячэнні яны авальныя, лінзападобныя, чатырохвугольныя. Для раннебронзавай культуры шнуравой керамікі былі больш характэрны тоўстыя экземпляры, якія ўжываліся i ў пазнейшы час. У канцы бронзавага веку колькасць крамянёвых сякераў змяншаецца, затым яны i зусім знікаюць — замяняюцца сякерамі з іншых парод каменю.

На захадзе i паўднёвым захадзе рэспублікі, дзе захоўвалася традыцыя позненеалітычных культураў лейкападобных кубкаў i шарападобных амфар, былі шырока распаўсюджаны сякеры чатырохвугольнага сячэння са звужаным абушком. У некаторых экземпляраў бакавіны былі паралельныя, таму лёзы i абушкі мелі аднолькавую шырыню. Сярод апошніх некаторыя асабліва вузкія вырабы маглі быць долатамі або стамескамі.

У майстэрнях ля крэмнездабываючых шахтаў Заходняй Гродзеншчыны вырабляліся тысячы крамянёвых сякераў лінзападобнага сячэння, пераважна тонкіх, з прыкметна выпуклым лязом i звужаным абушком. Сякеры гэтыя былі нарыхтоўкамі i, трапляючы на стаянкі, дапрацоўваліся згодна мясцовых традыцый, але дапрацоўка пераважна абмяжоўвалася толькі прышліфоўкай ляза або зашліфоўкай па ўсёй паверхні.

КАМЕННЫЯ СЯКЕРЫ

Археолагі па традыцыі падзяляюць вырабы са старажытных стаянак на крамянёвыя i каменныя. Калі быць прынцыповым, то такі падзел няправільны, бо крэмень — таксама камень. Але традыцыйнага падзелу будзем прытрымлівацца i мы, каб звярнуць увагу на асаблівую групу прыладаў працы бронзавага веку, якія вырабляліся не з крэменю, а з іншых парод каменю.