Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 8
Міхась Чарняўскі
Некалькі кельтаў знойдзена на Смаленшчыне. Далей на ўсход колькасць бронзавых знаходак значна павялічваецца, асабліва на помніках так званай фацьянаўскай культуры. Мясцовае насельніцтва мела ўласную медную сыравіну, якую здабывала на Сярэдняй Волзе.
Багацей, чым у Беларусі, прадстаўлены металы бронзавага веку ў паўночнай частцы Украіны, бо адсюль было даволі блізка да Прыкарпацкіх цэнтраў старажытнай металургіі. Толькі з мясцовых помнікаў сярэднебронзавай тшцінецкай культуры вядома больш за сотню знаходак, сярод якіх пераважная колькасць — упрыгожанні.
У прылягаючых да Беларусі паўночна-ўсходніх раёнах Польшчы знаходак з бронзы адносна мала. Але i тут у пачатку нашага стагоддзя ля Калінаўкі Касцельнай на Беласточчыне быў знойдзены багаты скарб з 46 кельтаў, абушковай сякеры з адтулінай i двух бранзалетаў.
КРАМЯНЁВЫЯ ПРЫЛАДЫ
У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі, як i на суседніх землях, металічныя прылады не выцеснілі каменных. Наадварот, у гэты час апрацоўка каменных вырабаў дасягнула найвышэйшай дасканаласці, i многія з ix (шліфаваныя баявыя сякеры, кінжалы, наканечнікі дзідаў) уражваюць нас гарманічнасцю формы i майстэрствам выканання.
У новую эпоху пераважна ўжываліся тыя ж каменныя прылады, якія былі распаўсюджаны i ў новакаменным веку — неаліце. Праўда, некаторыя вырабы набылі іншыя формы, з'явіліся i новыя тыпы, такія, як свідраваныя матыкі i сякеры, булавы, крамянёвыя выгнутыя сярпы.
На помніках бронзавага веку найбольш часта сустракаюцца нажы. Большасць ix выраблялася з пласцінак шляхам сколвання з краёў дробных лусачак — рэтушавання, якім прылады завостраваліся. Адны нажы маюць спічастую форму, другія — усечаныя канцы. Некаторыя з апошніх вырабаў маглі ўжывацца як укладышы ў сярпы. Відаць, частка i нерэтушаваных пласцінак, мяркуючы па спрацаванасці на краях, была рэжучымі прыладамі. Сустракаюцца i нажы з «гарбатай», прытупленай стромкім рэтушам спінкай, зручнай для націскання пальцам пад час працы. Рэзалі i некаторымі плоска рэтушаванымі адшчэпамі.
Частыя знаходкі i скрабкі. Іншы раз ix сустракаюць не толькі на паселішчах, але i ў пахаваннях. Большасць скрабкоў выраблялася з адшчэпаў, меншасць — з пласцінчатых адшчэпаў i пласцінак. Адпаведна формам зыходных нарыхтовак i самі скрабкі былі розныя — акруглыя, трохабо чатырохвугольныя i г. д. І ўсё ж найбольш характэрныя экземпляры з некалькі расшыранай i выпуклай скрабніцай i крыху звужанай асновай. Пры гэтым рэтуш пакрываў не толькі верхні край, дзе фармавалася асноўная скрабніца — рабочая частка прылады, але звычайна апускаўся i на бакавіны. Нярэдкія выпадкі, калі нерэтушаванымі заставаліся толькі асновы скрабкоў. На некаторых стаянках Панямоння знойдзены скрабкі з адмыслова апрацаванымі звужанымі насадамі, якімі прылады ўстаўляліся ў дзяржальны. Рэтуш на скрабках, як i на іншых крамянёвых вырабах, пераважна быў больш ахайны, чым неалітычны, даўжэйшы, часам пераходзіў у струменчаты.