Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 87
Сяргей Кавалёў
ПАРТРЭТ ШКЛА
...Пад шкляным купалам у садзе мастака вырасла дзівосная кветка. «Гэта сапраўдны цуд», — захапляліся ёй людзі i кожны дзень прыходзілі любавацца. Стары мастак, выпраўляючы сваіх вучняў маляваць кветку, так i загадваў: «Намалюйце цуд». Але ішлі гады, i людзі ўжо забыліся на дзівосную кветку, бо ў кожнага з ix было шмат яе малюнкаў, зробленых вучнямі мастака, бо за гэты час з'явілася мноства новых кветак, яшчэ прыгажэйшых. A вучні мастака па-ранейшаму паслухмяна малявалі «цуд» i прыносілі свае працы на суд настаўніка. I калі да старога мастака прыйшоў новы вучань, то таксама атрымаў загад маляваць цуд. Вучань пайшоў у сад i намаляваў шкло, пад якім расла кветка. «Што ты намаляваў?!» — жахнуўся мастак. «Цуд».
Ці не ў гэтым цудзе — сутнасцъ i змест паэзіі, сутнасць законаў яе развіцця i бясконцага абнаўлення? У аснове ўспрыняцця чалавекам прыгажосці заўсёды ж прысутнічае пэўная доля здзіўленасці i нечаканасці хараства.
Калі паспрабаваць у некалькіх словах адказаць на пытанне: адкуль пачынаецца паэзія Галіны Булыка, адным з верагодных адказаў будзе наступны: ад здзіўнення шклу. I калі б трэба было ахарактарызаваць яе кнігу «Сінтэз» толькі праз адзін вобраз — такім вобразам мог бы паспяхова стаць вобраз шкла. У найбольш шырокім значэнні шкло ў вершах Галіны Булыка — знак, сімвал усяго складанага i незвычайнага, што знаходзіцца з намі побач i не ўспрымаецца, не ўсведамляецца, зацемненае нашай звыкласцю i абыякавасцю.
У найбольш вузкім, прыкладным значэнні шкло (мокрае шкло) — прасцейшая мадэль тэхнікі выяўлення ў жывапісе i ў паэзіі, калі ўсё: i рухі, i лініі, i час — мякка размытыя, неакрэсленыя, як бы пакрысе плывуць, сцякаюць, не губляючы рэальнай перспектывы:
У маленстве, не пазбаўленыя яшчэ першабытнага паэтычнага ўспрыняцця, мы шчыра здзіўляемся той простай ісціне, што шкло зроблена з пяску, i ўпарта шукаем у яго празрыстасці хаця б слабы напамін пра ранейшую яго структуру. Потым не здзіўляемся нават таму, што аконнае шкло, аказваецца, цячэ, няхай сабе i незаўважна для чалавека. Цячэ шкло, цякуць па ім кроплі дажджу, цячэ жыццё. Цячэ час, чалавек падрастае i бачыць, здараецца, прыгажосць толькі за шклом: за аконным шклом, пад музейным шклом, праз шкло акуляраў. Але чамусьці не заўсёды бачыць яе ў самім шкле i проста побач з сабой, у звыклых, паўсядзённых з'явах, рэчах...