Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 89
Сяргей Кавалёў
Значна слабей за іншыя выяўлена ў кнізе тэма кахання, магчыма, гэта асабліва заўважна на фоне наватарскага ўвасаблення Г. Булыка іншых тэм. Як бы там ні было, вершы пра каханне, за выключэннем асобных твораў («Post scriptum», «Гэта дробязі — рэўнасць, злосць...»), адпавядаюць сярэдняму ўзроўню беларускай паэзіі i пакуль што не ўзнімаюцца вышэй яго.
З усіх відаў мастацтва на паэзію Г. Булыка найбольшы ўплыў відавочна аказвае жывапіс: i на ўзроўні светаўспрымання i на ўзроўні светавыяўлення. Своеасаблівы цыкл вершаў, прысвечаных палотнам Пабла Пікаса, Эдгара Дэга, Рокуэла Кента, Юрыя Піменава, адлюстраваў не толькі глыбокае разуменне i адчуванне аўтаркай жывапісу, але i здольнасць яе у новай, паэтычнай структуры захоўваць рэшткі мастацкай структуры, дакладна перакладаць з мовы мастацтва на мову паэзіі, заўважаць не толькі галоўнае, але i дэталі, стылізаваць канкрэтны верш пад канкрэтную жывапісную манеру, палатно. Як, напрыклад, выразна i амаль без упаміну колеру перададзена манера лепшых малюнкаў Юрыя Піменава:
Цэнтральнае месца ў кнізе займаюць такія вершы, як «Горны лён», «Лазурыт», «Бурштын», «Гіпс», «Свінец», «Золата», «Агонь», «Гліна», «Ёд» i інш. Яны вызначаюць аблічча кнігі, найбольш поўна акрэсліваюць тое новае, што ўносіць у беларускую паэзію Г. Булыка. У кожным вершы паэткі прысутнічае чалавек, не выключэнне i гэтыя «рэчыўныя» вершы, але прысутнасць у ix чалавека часам толькі праглядваецца, цьменіцца праз іншы, суседні аб'ект. Вершы такога плану для беларускай паэзіі нязвыклыя, пункцірныя сімптомы ix з'яўлення назіраліся ў творчасці А. Вярцінскага i М. Стральцова. Гэта зусім не «хімічныя» вершы, хоць веданне хіміі, безумоўна, дапамагло ix стваральніцы, — гэта вершы чыста філасофскія, «штойныя» (Дж. Джойс) па зместу.