Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 6
Сяргей Кавалёў
Але чытацкі попыт не зменіш зноў жа дырэктыўнымі пастановамі i «воклічамі абурэння», ён мае свае законы, i ix трэба ўлічваць. Напрыклад, гістарычны жанр, які мае низменную папулярнасць у чытача. Твораў мала. Караткевіч, Арлоў, Іпатава, Дайнека, яшчэ сёй-той. Чаму мала? Для «сярэднеабагульненага» чытача прычына простая i відавочная: «Навошта корпацца гадамі ў архівах i глытаць пыл, збіраючы матэрыял? З цяжкасцю выдаць кнігу, а потым трываць крытыку гісторыкаў-спецыялістаў, якія, безумоўна, больш дасведчаныя, бо гэта іхняя прафесія?! Лепш з'ездзіць у нядзельку да цешчы ў недалёкую вёску, a ўвечары ў кватэры занатаваць на паперу свае прыгоды ў змененым выглядзе ды ўставіць некалькі думак пра сучасную вёску i вечную для нас яе каштоўнасць. Ну, a калі думкі зусім ужо не лезуць у змучаную няспыннай пісьменніцкай працай галаву,— «перачытаць» для ўпэўненасці якога-небудзь Івана Мележа. Проста, хутка i, што галоўнае,— сучасна, актуальна!»
Успамінаецца выступленне Уладзіміра Караткевіча на VII з'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пачаў i скончыў ён заклікам да калег пісаць дэтэктывы i прыгодніцкія раманы, як гэта рабілі славацкія, здаецца, пісьменнікі, калі сярод публікі раптоўна ўпала цікавасдь да роднай культуры i літаратуры, узнікла пагроза страціць мову. I больш за ўсіх гаварылі тады пра становішча мовы i пра чытача, якога мы губляем, Быкаў i Караткевіч, пісьменнікі, якім страта чытача пагражае найменш...
Нельга не падзяліць трывогу лепшых нашых пісьменнікаў за сённяшні стан беларускай літаратуры, звязаны са станам мовы i культуры ўвогуле. Нельга не заўважыць пэўную анамальнасць становішча нашай літаратуры, якая павінна побач з агульнасусветнымі, агульначалавечымі мэтамі ставіць сабе за першасную i найважнейшую задачу — змаганне за сваё рэальнае існаванне. Гэта не можа не пакласці пэўнага адбітку на аблічча літаратуры, i мы не маем права не заўважаць такога становішча, заплюшчваць на яго вочы, суцяшацца самачытаннем i самаізаляванасцю. Трэба гарманічна развіваць усе літаратурныя жанры, наладжваць кантакты з самымі шырокімі чытацкімі коламі, каб праз белетрыстыку, «лёгкія» жанры прывесці чытача да больш сур'ёзных i глыбокіх твораў. Трэба дбаць пра выхаванне нацыянальнага чытача ад дзіцячага садка i школы, з першых прачытаных самастойна слоў.
З гэтага пункту гледжання, з разумення спецыфікі сённяшняга стану беларускай літаратуры трэба вырашаць, што для нас зараз важней: зрабіць так, каб чатырохтысячны наклад знайшоў свайго рэальнага чытача ці зрабіць наклад васьмітысячным для чытача абстрактнага; што важней: выданне лепшых твораў спадчыны, пераклады сусветных скарбаў літаратуры, папулярызацыя беларускай гісторыі i культуры ці бяздумная, безаглядная практыка перавыданняў i пераперавыданняў, юбілейных шматтомнікаў i выбраных твораў далека не лепшых нашых пісьменнікаў.