Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 3
Сяргей Кавалёў
Бывае i так: паэт, якому лёс не даў асаблівых здольнасцей, працуе ў цікавым кірунку, на стрыжні актуальней тэматыкі, a таленавіты паэт корпаецца ў звычайным i банальным. Сa смуткам паўтараеш радкі Яўгенія Еўтушэнкі:
Дэфіцыт эмацыянальнасці ці лішак разумнасці?— шукаючы прычыны заганаў сучаснай паэзіі, пытаемся мы ў сябе. Божухна, ды дзе той лішак разумнасці? «...Наогул, бяда нашай сённяшняй паэзіі ў тым, што паэты не прымушаюць сваіх чытачоў думаць»,— заўважыў шмат гадоў назад Рыгор Семашкевіч. Што змянілася з таго часу? Што датычыцца крызісу эмацыянальнасці, дык калі ён сапраўды выкліканы не спецыфікай нашага часу, a ўнутрылітаратурнымі працэсамі, то яго можна б было назваць падменай эмацыянальнасці, стандартызацыяй яе.
«Нашто мне мазгі круціць, якім аршынам мерыць свой верш, якім гэблем гладзіць кожнае слова сваёй песні, калі сэрца перапоўнена, калі ў жылах кроў бурна кіпіць i неяк само сабой пяецца?» Гэтымі словамі Змітрок Бядуля ў першую чаргу сцвярджаў годнасць абразка як жанру. Прыхільнікі неабмежаванай эмацыянальнасці тую ж думку разумеюць больш літаральна.
Кажуць, што існуе каля дзвюх тысяч відаў паэзіі. Ці шмат ix на беларускай паэтычнай ніве? Няхай выйдзе ў свет зборнік з аднымі пачуццёвымі вершамі, але няхай хто іншы ўзгадуе рацыяналізм. Няхай адзін паэт піша адмыслова спрошчана, a другі — ускладнёна. Няхай хто піша для «эліты» — абы быў такі, хто адрасуе свае творы «хлопцам з вуліцы». Паэзія — у шматграннасці. I не трэба баяцца аднабаковасці: усё роўна чыстых рэчываў не існуе — будзе сплаў. Не трэба імкнуцца ствараць універсальных паэтаў. Яны нараджаюцца самі, але не таму, што напхалі ў сябе ўсяго i адусюль.
У апошні час шмат гаворыцца пра наследаванне традыцыям i ў прыклад для пераймання ставіцца творчасць Янкі Купалы. Ці слушна гэта? Купалаўскія традыцыі проста павінны быць у нашай крыві, гэта ўжо не толькі літаратурныя традыцыі, а нешта большае. Зусім іншае, калі браць за аснову паэтычнае майстэрства: ці трэба тут пасылаць маладых у вучні менавіта да Купалы?
Купала — класік, але ў першую чаргу—паэт з асабістымі прынцыпамі паэтычнага майстэрства, якія з'яўляюцца для нас узорам, але не стандартам i не правілам.
Адна з самых моцных традыцый у нашай паэзіі — бестрадыцыйнасць. Часта яна нараджаецца ад наследавання ўсім i, адпаведна, нікому. «Гаворым пра традыцыйнасць... Але каб быць дастаткова традыцыйнымі, неабходна стаць дастаткова творчымі». Што можна сказаць супраць гэтых слоў А. Разанава?
У сувязі з пытаннем аб традыцыйнасці хочацца сказаць колькі слоў пра маладую паэзію, пра зусім маладую. У аўтараў, якія толькі-толькі пачынаюць друкавацца, мы шукаем талент i знаходзім яго. Але нам хочацца большага: мы шукаем веды, арыгінальнасць, шукаем запал i незадаволенасць папярэднікамі, шукаем тыя ж эмацыянальнасць i разумнасць, наследаванне традыцыям.