Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 2
Сяргей Кавалёў
Агульнавядома, што аб дасягненнях паэзіі мяркуюць звычайна толькі па творах яе найбольш значных прадстаўнікоў. Але гэтыя таленты жывуць сярод менш таленавітых i нават неталенавітых. Велічыня, значнасць паэтычнага таленту заўсёды ў параўнанні: шкаляр XVII ст. ca сваімі прымітыўнымі дыфірамбамі можа займаць старонку ў гісторыі літаратуры, бо побач з ім — зусім нікога; іншая справа — наш час, калі нават у адным жанры працуюць побач дзесяткі паэтаў. Яшчэ Байран заўважыў, што «паэтаў стала больш, a паэзіі, адпаведна, менш». Гэта таксама спрэчна: наўрад ці пры Байране было больш паэзіі, чым пры Верлене i Уітмене. Але ў чвімсьці вялікі паэт меў рацыю: калі аб дасягненнях паэзіі мяркуюць па яе лепшых прадстаўніках, то пры размове пра яе недахопы або заняпад маюць на ўвазе творы горшых паэтаў.
Так, паэтаў становіцца ўсё больш i больш i ў нашай паэзіі. Значыць, адпаведна i больш дрэнных паэтаў? Колькасць паэтаў будзе павялічвацца разам з колькасцю чытачоў. I не гэтага трэба баяцца, а менавіта таго, каб не надаваць паэтам значнасці, якой яны не заслугоўваюць, трэба, каб ix творчасць ацэньвалася цвяроза, рэальна. Але ці часта даводзілася вам у апошні час чытаць або чуць, што вось гэтая канкрэтная кніжка канкрэтнага аўтара — кніжка кепская? Мне, напрыклад, толькі два разы: у артыкуле Ніла Гілевіча — пра кніжку Міхася Стрыгалёва (на жаль, у зборніку нічога цікава-кепскага не аказалася — звычайны шэры прымітывізм) i яшчэ ў адным артыкуле пра кнігу Алеся Разанава, пра адну з адметных кніг у беларускай паэзіі. Можа, гэта i добра, што ў сучаснай крытыцы не прыклейваюць «вечных» i адназначных бірак «добра», «кепска», «патрэбна», «непатрэбна», як гэта рабілася, скажам, паўстагоддзя назад.
Але што ж рабіць, калі ў нас сотні, а не адзінкі паэтаў? Паэзія — складаная справа, цяжка даць адказ на такое, напрыклад, пытанне: чаму бяскрыласць? Тут ёсць над чым падумаць i самім паэтам i крытыкам. Звернем увагу на з'явы больш вонкавыя: у сучаснай беларускай літаратуры, якая нарадзіла такія кнігі, як «Ave Maria» Максіма Танка, як «Веча славянстх балад» Янкі Сінакова i «Маю Іліаду» Уладзіміра Караткевіча, у нашай паэзіі побач з такімі творамі заўважаецца імкненне да невыразнасці, усеагульнага i ўсебаковага падабенства паэтаў, тэматычнай i выяўленчай аднастайнасці, нявылучанасці, імкненне да «залатой (з самай кепскай славай гэтага металу) сярэдзіны». Для характарыстыкі гэтай з'явы ёсць добрае вызначэнне: стэрэатыпнасць. Адна з яе праяў — стэрэатыпнасць светабачання i светаўспрымання. Другая — жанравая i тэматычная абмежаванасць, характэрная для беларускай літаратуры ў цэлым. У прозе яе проста лягчэй заўважыць. Некалькі дзесяткаў пісьменнікаў, паважаных i невядомых, старых i маладых, настойліва распрацоўваюць, напрыклад, тэму вёскі. Ну, хоць бы адзін збочыў з пратаптанай сцежкі i заняўся чым-небудзь іншым, новым i нетрадыцыйным. Не хапае ведаў, шматбаковасці таленту?
Тэматыка — толькі больш выразны прыклад. A калі ўзяць форму, калі ўзяць час, вобразнасць пад увагу? «Першы, хто параўнаў жанчыну з кветкай, быў вялікі паэт, хто гэта зрабіў другім — быў звычайны ёлуп»,— пісаў Гейнэ. Ён яшчэ больш пераканаўся б у сваёй думцы, калі б уваскрэс i пагартаў зборнікі нашых паэтаў.