Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 23
Сяргей Кавалёў
Вершы Адама Глобуса вылучаюцца найперш сваёй знешняй спрошчанасцю i ўнутранай складанасцю і, такім чынам,— спрыяльнасцю для ўспрымання i непрыдатнасцю для тлумачэння. Яны ўтвораны з вельмі простых, часам наўмысна прымітыўных элементаў, якія, аднак, амаль немагчыма з сэнсам выбраць з агульнай структуры, надзвычай шчыльыай у імкненні да геаметрычнай выверанасці.
Уся паэзія ўвогуле — гэта так ці інакш выказванне думак i пачуццяў. Але можна апісваць менавіта самі думкі i пачуцці ў ix гатовым выглядзе, рызыкуючы быць недакладным у выказванні i страціць частку сэнсу, а можна «ствараць» сітуацыі, з'явы, рэчы, якія гэтыя думкі i пачуцці выклікаюць, на ix ускласці ўвесь сэнсавы цяжар, рызыкуючы ўжо застацца незразуметым i непрынятым. У паэзіі гэтыя два спосабы выяўлення існуюць раўнапраўна, побач, наэт схільны альбо да аднаго, альбо да другога, а знаходзіцца звычайна недзе паміж імі.
Адам Глобус — прыхільнік другога спосабу, які патрабуе дакладнасці малюнка, выверанасці прадмета ў часе i прасторы. Прычым дакладнасць i выверанасць могуць быць i суб'ектыўна геаметрычнымі. Паэт імкнецца размаўляць з чытачом менавіта мовай фарбаў, гукаў, пахаў, рэчаў i рэчываў; мовай ліній, аб'ёмаў, фігур; асабліва заўважна гэта ў вершах «Рэзананс», «Белдзяржрэклама», «Нож», «Агонь», «Конік».
У гэтым, напрыклад, вершы дакладнасць пабудовы, дакладнасць малюнка i адчування прыводзяць да эфекту гукаў, якія спадарожнічаюць прадметам i дзеянням, хаця пра ix, гукі, не ўпамінаецца. Асабліва выразны гук упаўшага на камень коніка, гэты гук быццам утварае семнаццаты, неіснуючы радок шаснаццацірадкоўя.