Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 24

Сяргей Кавалёў

Адсутнасць відавочных пачуццяў, вобраза чалавека, правільнасць i вылічанасць у некаторых вершах паэта часта прыводзяць да нейкай халоднасці i жорсткасці (уплыў горада?), асабліва заўважных на фоне ўсёй маладой беларускай паэзіі. I не заўсёды гэтая жорсткасць па-мастацку абгрунтавана. Але Адам Глобус — паэт шматгранны, таму пры агульным для ўсіх вершаў індывідуальным почырку яны ўсё ж вельмі розныя: трапляюцца філасофскія вершы, вершы пра каханне (блізкія пакуль яшчэ да барадулінскіх перакладаў Гарсія Лоркі), вершы, дзе на першы план выходзіць пачуццё. Верш «Рэгіна» — адзін з самых абаяльных, па-чалавечы добрых ва ўсёй маладой беларускай паэзіі. Надоўга застанецца ў памяці i невялічкі верш «Жонка»:

У сне сустракаеш другога, A ў дзень ты не помніш яго. Мяцеш i шаруеш падлогу, Чакаючы мужа свайго. Крухмаліш, прасуеш кашулі, Дзіцяці гатуеш абед, Намыўшы да бляску каструлі. Вось так i трымаецца свет.

Чалавек у вершах А. Глобуса, В. Маслюка, Г. Булыкі жыве не толькі сярод прыгожай прыроды i прыгожых дэкламацый, але i сярод рэальнай (у дадзеным выпадку гарадской) рэчаіснасці, з яе людзьмі i ix узаемаадносінамі, з яе шматлікімі рэчамі i прадметамі, якія сапраўды адыгрываюць не апошнюю ролю ў фарміраванні чалавека, ім жа, чалавекам, прыдуманыя i створаныя. Рэчы i прадметы гэтыя даўно «асвоеныя» ва ўжытку без якіх ужо i абысціся, здаецца, нельга, асвойваюцца, абжываюцца эстэтычна, эмацыянальна ў ix унутраным, сутнасным значэнні для чалавека:

Ён гулка пляснуў аб тугі канверт I значным стаў, як пляма на абрусе, Ці на рагу насоўкі тоўсты вузел, Ці бляск замка, што вісне на хляве. На папяровай бледнасці маўчаў Гарачай безаблічнасцю Спачатку: Чакаў цяжкога дотыку пячаткі, Каб атрымаць аблічча: Месца. час... А потым нёс пачуццяў боль i жар, Густых радкоў нястомленую палкасць. Данёс — I разваліўся на кавалкі: Тых тайнаў, што бярог, не знёс цяжар... Г. Булыка. Сургуч

Істотнае ў гэтым вершы Галіны Булыкі не столькі сама нечаканасць, незвычайнасць лірычнага героя, не тое, што ён напісаны пра сургуч (скажам так), а тое, як напісаны, на якім паэтычным узроўні. Бо можна апісаць усе рэчы ў пакоі ў рыфму альбо верлібрам, i ўсё ж гэта не будзе паэзіяй, i мы слушна пацікавімся: навошта такія апісанні, што даюць яны чытачу?

Прышвін пісаў, што масавая хвароба сучаснага чалавецтва ў яго залежнасці ад свету рэчаў, i толькі здзіўленасць выратуе чалавека. Ці не гэтая самая здзіўленасць ляжыць у аснове любой паэзіі — бачыць паэтычнае, незвычайнае ў самым, здавался б, звычайным, непаэтычным:

A госці танцавалі, танцавалі, танцавалі. I іскрыўся лямпамі Ультраграмафон. I толькі адна Пласцінка, Лямантуючы У рытме там — та- ма, Самотнай была. Яна Пакутвала Галавакружэннем.