Читать «Узмах крыла» онлайн - страница 14

Генадзь Бураўкін

* * * Якая гаспадарка не аслабне, Як пакіруюць трэць стагоддзя ў ёй Мікіта-кукурузнік, Лёнька-бабнік I Косця-пісар З бандаю сваёй?! 1985

Разлукі чашу выпіў я да дна

* * * Так ужо заведзена спрадвеку — Можа, прымха, Можа, Божы знак — Толькі на Радзіме чалавеку Ходзіцца і дыхаецца ўсмак. I заўжды здаецца нават зверу Найцяплейшай родная зямля. Гэта ўсё я на сабе праверыў, Даўшы па планеце кругаля. Не прыжыўся я за акіянам, Не прыняў замежны той рэжым Як прыехаў я туды нязваным, Так і з'ехаў я адтуль чужым. Лёгка збыў красу чужуго тую I пяшчотна да душы тулю Ціхую, змарнелую матулю — Родную, знябытую зямлю. * * * Як я рваўся дадому здалёк, Каб пабачыць вясёлыя вочы, Каб наслухацца полацкіх песень I напіцца з палескіх крыніц! А сустрэў Горкі сум, I няўцямлівы позірк сірочы, I халодны адчай, I зняважлівы смех чужаніц. Не пазнаць родны край, Дзе знаёмыя сцежкі і нівы, Дзе аздобіла вокны Налічнікаў тонкая вязь... Колькі ж можна цярпець? Колькі можна маўчаць палахліва? Колькі можна ўсміхацца, Калі цябе топчуць у гразь? Хто за нас нашы хаты ачысціць Ад хлуяу і бруду, Хто за нас Абароніць ад варвараў Нашых багоў, Калі грозна таўкуцца на плошчах Тупыя прыблуды I размахваюць Чорнымі крыламі царскіх сцягоў? Дзе яны, Нашы сонцам сагрэтыя высі? Дзе дарога, 76 Якая да шчасця вяла? Пэўна, пастыры нашы Да багатых дзядзькоў падаліся, Прагавіта збіраюць аб'едкі З чужога стала... Завадскія цяжкія муры Затаіліся безгалоса. Над засохлымі рэчкамі Вісне застойны смурод... Ну няўжо ты знябыўся Пад подлымі ўдарамі лёсу, Ну няўжо ты зусім змізарнеў, Мой адважны і горды народ? Не хадзіў ты ніколі па свеце З іржавай жабрацкаю місай, I чужога не браў, I разбой не чыніў у жыцці. Абудзіся ж ад сну, Азірніся наўкол, Схамяніся! I не дай Чорным глеем Крынічкам тваім зарасці. Як даўно і нясцерпна Людства вольнае хоча, Каб на поўныя грудзі Свабоды ўдыхнуць ты паспеў, Каб развесніў лагодаю Чыстыя сінія вочы I сагрэў весялосцю Свой зажураны спеў! * * * Калі цябе я, Край мой, Пакідаў, Я ведаў, Што за цёплым акіянам Мне будзе не хапаць Тваіх атаў, Тваіх суніц I яблыкаў крамяных. Разлукі чашу выпіў я да дна, Ператрываў тугу начэй бяссонных I зразумеў, Што кроў у нас адна, Адна душа I лёс адзін — Да скону. I я вярнуўся, Твой самотны сын, Хоць шлях няпросты быў і некароткі. I не змаглі ўбіць паміж намі клін Ні сыканне, Ні гіканне, Ні плёткі. Нічога, Што ты шчасця не паднёс I вочы твае поўныя журбою. Я не хаваю ачышчальных слёз. Я дома. Я з сябрамі. Я з табою. * * * Я ведаю, Мне дома будзе горш. Я ведаю, Мне дома будзе горка. Але ірвуся З сытага Нью-Ёрка У Мінск, Дзе гастраноміі — на грош. Зманю, Калі скажу: Не ўспомню больш Кавярні з вострым водарам цытрыны, Напоўненыя рэчамі вітрыны, Імклівыя бясшумныя машыны, Цэнтральны парк, Начны Брадвей... I ўсё ж... Ні варажбіт, Ні мудры экстрасенс У тым не знойдуць логікі асновы, Што так імкнуся ў бедны кут сасновы, Пакінуўшы ўбаку разумны сэнс. I мне ўжо ні пасада, Ні багацце Не перашкодзяць кінуцца туды, Дзе ля парога — Шэры цень бяды, Дзе нівы засыхаюць без вады I з ростані мяяе чакае маці... Што тут паробіш, Калі ўсе гады Я нёс, Нібы пракляцце і закляцце, Упартую адданасць роднай хаце I ўдзячнасць краю, Дзе жылі дзяды. * * * Як толькі ў густым вечаровым тумане Ускрыкне вавёрка ці птушка якая, Цяжкое халоднае прадчуванне Мне сэрца сціскае, Зноў сэрца сціскае. Далёкай Радзімы забытыя цені Выходзяць, нячутныя, з лесу старога. Ва ўсе спадзяванні, На ўсе летуценні Крадзецца трывога, Кладзецца трывога. У памяць заходзяць рашучай ступою То водбліск зарніцы, То водгулле грома. I думка адна не дае супакою: А як жа там дома? Ну як жа там дома?.. Няхай сабе ціха, Няхай сабе глуха — Імя Беларусі душа паўтарае. Няўжо не пачуе ніводнае вуха Ва ўсім родным краі, Па ўсім родным краі?.. * * * У брудным Брукліне ў Нью-Ёрку, Дзе доля горкая жыве, Я чую наскую гаворку I мову родную ў царкве. У кожным гуку так дарэчы Сярод глухіх чужых муроў Лаўлю я ўсплеск палескіх рэчак I гоман полацкіх бароў. Ашчадна захавалі ўсё-ткі Жывое слова землякі, Браслаўскія сівыя цёткі, Мажныя слуцкія дзядзькі. Звязала мова ім Набыткі I сцежкі ўсе ў клубку гадоў, Як тая суравая нітка, Што лучыць з кроснамі дзядоў. Ці не таму так лёгка Сэрца, Ледзь толькі памяць запалі, На ласку Бога адгукнецца I песню з матчынай зямлі?.. А я стаяў між малітоўцаў I зразумець ніяк не мог, Чаму па-нашаму ні слоўца У Мінску не гаворыць Бог?.. * * * Забуду трывогі і стому, Адкіну шаўкі і парчу, Як вольная птушка, Дадому Праз тысячу вёрст палячу. Аб вецер ламаючы крылы Высільвацца буду туды, Дзе родныя дрэмлюць магілы I спяць чараты ля вады, Дзе маці квяцістаю хусткай Махае з грады маладой. Абмыю сасмяглыя вусны Салодкай крынічнай вадой. Прысяду над плыткай ракою. Пачую начных салаўёў. I там я навек супакою Знямоглае сэрца сваё. * * * Ноччу сёння зноў крычалі гусі, Будзячы вярэдлівы ўспамін. Ведаю, Яны да Беларусі Не дацягнуць свой крыклівы клін. Толькі, можа, у смузе аблокаў На хвіліну спыняцца яны I разгледзяць хоць краёчкам вока Берагі зялёныя Дзвіны. Хай бы памаўчалі ў паднябессі I, нібыта боскую расу, На бары наддзвінскія атрэслі З цёплых крылаў Мой бяссонны сум. * * * Заморская вясна Парасчыняла скарбы, Рассыпала спаўна Свае густыя фарбы. Унізе і ўгары, Як выдумка былая, То жоўтае гарыць, То белае палае. Ды тыя фарбы штось Душа не заўважае. Чужая прыгажосць Яна і ёсць чужая. А ў сонны лес ідзеш — Пралеска дагарае. Някідкая, Але ж Такая дарагая. Пераміргнуцца з ёй Так проста і так добра: То ж сон зямлі маёй, Маёй журбы аздоба. Прыгожая яна Для сэрца і для вока, Як даўняя вясна, Што ад мяне далёка. * * * Над бясконцасцю акіяна Цьмяна ўспыхвае зараніца. Ад бяссонніцы акаяннай Мне да раніцы не адбіцца. Сярод скал бесхацінцам пахілым Адзінота згубілася недзе. Мне ж за выцвілым небасхілам Ні бароў, ні сяброў не разгледзець. Так далёка-далёка ад дому. Б'ецца сэрца трывожна і гулка. Настальгію сваю і стому Я схаваў пад падушкай мулкай. Дагарае апошняя знічка На чужым раўнадушным небе. А радзіма мяне не кліча. Я радзіме, відаць, не патрэбен. Што ж, ізноў, як сын нелюбімы, Застануся з надзеяй і болем... А мая дарагая радзіма Мне патрэбна ўсё болей і болей. * * * Пад стук вагонных колаў, Прымружу вочы ледзь, Гучыць унукаў голас: «Не трэба, дзед, Не едзь». Ён над вакзальным тлумам Махае мне рукой, Глядзіць з дарослым сумам I светлаю тугой. Не ўразумець адразу Яму законаў лес — Службовы абавязак, Дзяржаўны інтарэс. А я ў замежжы дальнім Вяртаю ўсё назад I позірк развітальны, I просьбу як загад. Калі ж адчай прыдушыць,— Маленькі мой мядзведзь, Ты мне шапні на вушка Здалёку: «Дзед, прыедзь!..» * * * Можа, за дзесятым небасхілам Край дзіцячай радасці і ўцех. Я б туды, Каб меў такія сілы, Птушкай пералётнай паляцеў. Крылы ж мне адлегласцю звязалі. I сярод бязадрасных размоў Я жыву, нібыта на вакзале, I чакаю цягніка дамоў. Хай то будзе учарашні жорсткі Ці імклівы сённяшні экспрэс, Толькі б ён спыніўся каля вёскі, Дзе рачулка чыстая і лес, Дзе над студняй — Журавель пахілы, Залатыя пчолы — Ля вулля, Дзе на ўзгорку — Родныя магілы, А навокал — Родная зямля. * * * У смугу акіянскую Неба Апускае вячэрні кумач... Гэтак многа сказаць хацеў бы, А не пішацца, Хоць ты плач. Як самотнікі па пустыні, Разбрыліся словы ў нудзе. Адбалелае сэрца стыне. Утрапенне ў радок не ідзе. Іншаземныя яркія дзівы Не ўзрушаюць зусім мяне... Вершы пішуцца на Радзіме. Сэрца цешыцца на Дзвіне. * * * Гартае восень жоўтыя лісты — Старую кнігу вечных успамінаў Пра беззваротны век свой залаты, Дзе доўгі спіс сакрэтаў і правінаў. Лагодна ціша селіцца ў душы, Але, з былым сустрэўшыся, няйначай, То светла заўсміхаецца ў цішы, То ачышчальна ўпотайкі заплача. Прылёг свавольны вецер 'на мяжы, Дзе колецца іржэўнік цёплай шчэццю, Дзе віснуць зоркі выспелых ажын I павуцінне серабрыста тчэцца. А цень лясоў ужо хавае стынь. З лагчын плыве туман сівы і рэдкі. Сціхае смех. I ападаюць кветкі... Гартае восень жоўтыя лісты... * * * Абыходжу родныя аселіцы, Строгія агледзіны раблю. Новыя суседзі дружна селяцца, Абжываюць глёўкую зямлю. Цёткі з цягавітасцю спрадвечнаю У дварах вядуць сялянскі рэй, А бабулі з шумнаю малечаю Разганяюць качак і курэй. Люстраю ці лямпай мадэрноваю Зырка свеціць кожнае вакно... Толькі вось парою вечароваю Гаманы на прызбах не чутно. У застоллях песні не спяваюцца, Як было ў ранейшыя гады. I пахмурна мужыкі співаюцца Ад нядбальства, тлуму і нуды. Замяло мае сады юначыя Скразнякоў сцюдзёнае крыло... Нешта горка, незваротна страчана. Нешта непрыкметна аджыло. Невядомасць віратлівай стромаю Рушыць мой запас душэўных сіл. I кажу суседу незнаёмаму: — Мне не чарку — Песню Паднясі. * * * Удача — Сяброўка такая, Што лішне ў адданасць не вер. То лашчыцца, А то ўцякае, Як позна прыручаны звер. То весела скача, То плача, То славіць цябе, То кляне. Чужая каханка — Удача Аднойчы была і ў мяне. Гуляла са мной I спявала, Збірала сяброў да стала I ноччу з пустога вакзала У сінім вагоне ўцякла. Як здань, адплыла ў наваколле, Растала ў сутонні бароў... А мне засталося вуголле Ад зыркіх бяседных кастроў... * * * Як вецер лісце шугане Па скверу, Ты засумуеш без мяне — Я веру. З-за хмар збяжыць змяркання міг Па промню. Як добра нам было ўдваіх, Я помню. Плыла ад поўні паласа Скразная. Ты страхам поўнілася ўся — Я знаю. На зоркі клаўся цень крыла Ціхутка. Ноч тая цёплая прайшла Так хутка. Ёй грэцца ў памяці маёй, Як цуду. Да скону дзён маліцца ёй Я буду. * * * Не перанось спатканне на пасля. Хто ведае, што заўтра нас чакае — Ці то ад шчасця спыніцца зямля, Ці напаткае нас бяда якая. Сагрэй мне вусны сённяшнім агнём. Абмый душу мне сённяшняю ўсмешкай. Хай кажуць, што жывём кароткім днём, А не халоднай вечнасцю няспешнай. Хвіліны нават не паўторыць час, Хоць папракай яго ты, хоць упрошвай. Што як сустрэча гэтая якраз Для нас галоўнай стане і... апошняй?.. * * * Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Асляпляльная, Баявая, Як маланка, Як выклік нудзе. Ці плячом павядзе, Ці брывамі — Абрываецца сэрца на міг. Як світальнай расой аблівае, Ад халоднай зямлі адрывае I ўзнімае да зор агнявых. Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Сарамяжліва — Снегавая, Як лілея на ціхай вадзе. Вочы ўзніме — I сінь палявая Павявае лагодай такой, Што глухая трывога сплывае, I пяшчота душу спавівае, I прыходзіць Шчаслівы спакой. На жніве, Ля ракі, У трамваі — Паглядзі — Прыгажунь не злічыць. То — нібы сон-трава баравая, То — як зорка Венера ўначы... Непрыгожых жанчын не бывае. Проста шмат невідушчых мужчын. * * * Расстайныя дарогі. Дзявочая туга. I месячык двухрогі. I зорак мітульга. I прывідныя цені. I крылаў мяккі ўзмах. I рук перапляценне. I горыч на губах. Разгойданае вецце. Цяжкі, самотны ўздых. I вечнасць. I бяссмерце... Жыцця кароткі міг. * * * Не пакідай мяне. Пабудзь яшчэ. Перашапчу табе ўсе казкі свету. I прачытаю тайнапіс вачэй. I зразумею ўсе твае сакрэты. Дазволь, Як пасля першага глытка, Забыць вясновай хмельнасці гарчынкі I залатым крылом маладзіка Разгладзіць твае лёгкія маршчынкі. Няхай расстання чорная жуда Нас не кране сваім агнём халодным. Не пакідай мяне. Не пакідай. Не пакідай I сёння, I заўсёды. * * * Так, я перад табою вінаваты За доўгія самотныя гады, За непаразуменні ўсе і страты, За майскія замоўклыя сады, За словы непатрэбныя і ўчынкі, За наш касцёр, што ледзьве не ачах, За сівізну і раннія маршчынкі I стому вечаровую ў вачах, За вольніцу і шумны хмель пракляты, За ростані і тайны недавер. А больш за ўсё бязмежна вінаваты, Што я цябе кахаю і цяпер. * * * А я не веру, Што пайшло каханне З гадамі маладымі на спачын, Што нашых вуснаў, Нашых душ яднанне Не можа сівізны перамагчы. Я і цяпер разгадваю, Як тайны, Твой кожны дотык, Кожны позірк твой. Ад старасці ахоўваю адчайна Святыя хвілі радасці жывой, Калі тваё спякотнае дыханне Сціхае ўранні на маім плячы... I я не клічу новае каханне. Мне б тое, Маладое, Зберагчы. * * * Ці ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка? Хоць у нядзелю, Хоць у сне Ці ўспамінала ты мяне З пяшчотай і журбою лёгкай? Ці выглядала мілым вокам Мой цень у ранішнім акне, Ці чула ў незнаёмых кроках Маю хаду? Было ці не? Ці ўспамінала ты мяне? Было мне ў дальняй старане Тужліва так і адзінока, Што я паверу і мане, Што ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка... * * * Чаму ты помніш сумнае адно? Было ж у нас вясёлае, здаецца, I ад кахання абмірала сэрца, I ноч нам зоркі сыпала ў вакно. Няўжо яно забылася даўно I ў памяці жывой не адзавецца, Як залатое поўнае вядзерца, Што нечакана ўпушчана на дно? А мне адно шчаслівае відно У далечы, што мараю завецца. Там і сягоння не закрыты дзверцы I не дапіта хмельнае віно. Хай не знайшлі мы дзіўнае руно, Але прайшлі сцягой адзінаверцаў, I на вячэрняй роздумнай паверцы Не ўспамінай журботнае адно... * * * Як цябе няма са мною побач, Белы свет халодны і пусты. I гукаю я тады на помач У адчаі: — Любая, дзе ты?! Хай вакол вірыць жыццё нястомна, Маладосць ад шчасця ў бубны б'е, Я ўсё роўна быццам непрытомны I асірацелы без цябе. Поспех, Слава, Дабрата зямная, Што ў душу завабілі вясну, Без цябе, Я гэта добра знаю, Трацяць сваю даўнюю цану. Адплываюць жураўліным клінам Летуценні, Песні I лісты... Можа, я пасля сябе пакіну Толькі крык мой: — Любая, дзе ты?! * * * Як мы патрэбны ўсе адзін другому — З усмешкай ветлай, З цеплынёю рук,— Я гэта зразумеў, Калі дадому Вярнуўся з самай клопатнай з разлук. Я прызнаваўся ў роспачы бяссоннай, Што для жыцця — Важнейшая з акрас, Калі ў ахрыплай трубцы тэлефоннай Знаёмы голас зловіш яшчэ раз. Як шчасце, ўспамінаю ўсе драбніцы Сямейных і сяброўскіх вечароў... Яно ж зусім няцяжка — Не забыцца Для маці, Для каханай, Для сяброў Агеньчык запаліць у беспрасвецці, Адклікнуцца далёкім жураўлём, Пакуль яшчэ жывём на гэтым свеце. Пакуль яшчэ жывём. Пакуль жывём... * * * Гэта тайна Спрадвечнай На свеце была: Паміж зоркай і свечкай Ёсць нітка святла. У начы безгалосай Шлях падкажуць і мне Зорка ў цёмных нябёсах, Свечка ў дальнім акне. Сумна ў сэрцы асядзе, Як і ў даўніх вяках,— Зорка ў мілым паглядзе, Свечка ў мёртвых руках. Дажывуся і сам я Да самотнай пары, Калі зорка згасае, А свечка гарыць, Кожнай кропляй гарачай Лье святло, як спакон... I не мне перайначваць Гэты вечны закон. * * * Не, я не здолею, напэўна, Прадбачыць свой апошні дзень, Калі садоў густая пена На дол абвалам упадзе I паплыве пустая лодка, Згубіўшы ў чаратах вясло, I стане вусцішна і лёгка Так, як ніколі не было... Я разумею, разумею — Нашто аб гэтым варажыць? Але жыцця ўсё меней, меней Да мне адведзенай мяжы. Як ні жартуй, Як ні храбрыся, Не абмінеш зямны статут. I там, За тою страшнай рысай, Сяброў ужо не менш, Чым тут. I колькі ў шчасці ні галёкай, Прыцісне чорная туга, Што недзе вельмі недалёка Мая чарга, Мая чарга. * * * У гаях пажаўцела трава I лісты ападаюць несмела. Пасівела мая галава, Пад вятрамі гадоў пасівела. Адзінокі, запознены госць, Я іду па зямлі апусцелай. Адшумела мая маладосць, На дарогах жыцця адшумела. Толькі хочацца сэрцу ўдвая I святла, I вясны, I надзеі... Чырванее рабіна мая, Як раней, у гаях чырванее... * * * Жаваранак дражніцца са мной — То наперадзе цвірчыць, то за спіной, То званком вісіць над галавой, То да ног мне спеў кідае свой. Я і ён — адны на ўвесь прастор. Нада мной ён крылцы распасцёр I звініць, што прыляцеў дамоў Праз завесы пылу і дымоў, Праляцеў праз пяць чужых дзяржаў — Трэба ж, каб хто-небудзь заўважаў... * * * Багоў сабе я выбраў сам — Свабоду I прыроду. Каму я верыў і пісаў? Бацькам, Сябрам, Народу.